Літаратурныя імёны Слаўгарадчыны

Вераб’ёў Павел Віктаравіч

Павел Вераб’ёў

Кананкоў Анатоль Андрэевіч

Анатоль Кананкоў

Кірэенка Кастусь (Канстанцін Ціханавіч)

Кастусь Кірэенка

Кузьмянкоў Уладзімір Іванавіч

Уладзімір Кузьмянкоў

Магдалёў Дзмітрый Пятровіч

Дзмітрый Магдалёў

 Масарэнка Алесь (Аляксандр Герасімавіч)

Алесь Масарэнка

Мацішаў Фёдар Вітальевіч

Фёдар Мацішаў

Ракаў Віктар Афанасьевіч

Віктар Ракаў

Рубанаў Уладзіслаў Якаўлевіч

Уладзіслаў Рубанаў

Рэзнік Сямён Фёдаравіч

Сямён Рэзнік

Стральцоў Міхась (Стральцоў Міхаіл Лявонавіч)

Міхась Стральцоў

Шкірманкоў Фелікс Уладзіміравіч

Фелікс Шкірманкоў


ГУК "Централизованная сеть публичных библиотек Славгородского района" © Copyright 2018.

Вераб’ёў Павел Віктаравіч

Вераб’ёў Павел Віктаравіч


07.11. 1958 г. в. Рабавічы, Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць – жыве ў Мінску.
Паэт.
Лаўрэат прэміі імя М. Багдановіча выдавецтва “Мастацкая літаратура” (1992).

Творчасць

Павел Віктаравіч Вераб’ёў – беларускі паэт. Нарадзіўся на Магілёўшчыне. Пасля заканчэння школы з 1976 г. па 1985 г. працаваў у слаўгарадскай раённай газеце карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, намеснікам рэдактара. Адначасова ў 1977 – 1983 гг. завочна вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ. У 1985 – 1987 гг. слухач Мінскай вышэйшай партыйнай школы. У 1987 – 1991 гг. рэдактар аддзела часопіса “Народная гаспадарка Беларусі”, загадчык сектара друку ЦК ЛКСМБ. Адказны сакратар газеты “Чырвоная змена”, намеснік рэдактара газеты “Знамя юности”, вядучы рэдактар выдавецтва “Юнацтва”. З 1991 г. галоўны рэдактар газеты “Знамя юности”, з 1992 г. намеснік галоўнага рэдактара газеты “Добры вечар”, з канца 1994 г. аглядальнік газеты “Мінская праўда”. Лаўрэат прэміі імя М. Багдановіча выдавецтва “Мастацкая літаратура”. У 1992 годзе прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Жыве ў Мінску.

Літаратурную працу пачаў у 1976 г. Першыя вершы надрукаваў у слаўгарадскай раённай газеце. Публікаваўся ў магілёўскай абласной газеце “Могилевская правда”, газетах “Чырвоная змена”, “Сельская газета”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Маладосць”.

У 1990 г. у выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў зборнік яго вершаў “Крытычная маса”. Ўся сутнасць сапраўднай паэзіі ў самым поўным выяўленні, праяўленні, самавыказанні вершатворцы. У асобе Паўла Вераб’ёва маладая беларуская паэзія мае прыклад супадзення характару творцы з ягонымі вершамі. Гэта паэзія стрыманая ў пачуцці і ўзважаная розумам, прапушчаная праз сэрца і ахалоджаная канкрэтным жыццём, няўмольным побытам. Вершы, у якіх пераважае розум і памкненне спасцігнуць сэнс жыцця і вечнасці, аскетычна-дакладныя.

Радкі пра тое спрадвечнае пачуццё, якое не дае жыццю спыніцца, трапяткія і па-беларуску цнатлівыя. Усмешкі, жарты па-народнаму добразычлівыя і жыццялюбівыя. Гнеў супраць усяго адмоўнага і злога мэтаскіраваны і сухі, як порах.

У 1995 г. выйшаў другі зборнік яго вершаў “Цёмнае віно”. Прэзентацыя кніжкі паэзіі “Цёмнае віно” адбылася ў Мінскім Доме літаратараў. На творчай вечарыне Паўла Вераб’ёва яго вершы чытаў артыст Павел Дубашынскі, цёплыя словы пра аўтара “Цёмнага віна” казаў вядомы беларускі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Васіль Зуёнак, сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Пісьмянкоў, паэт Анатоль Зэкаў і іншыя сталыя і маладыя пісьменнікі, якія адзначылі прыкметны творчы рост Паўла Вераб’ёва, яго спакойны немітуслівы розум у шматлікіх паэтычных радках.

Пра свае Рабавічы, пра “край-свет”, пасля ўжо чарнобыльскай пары, Павел Вераб’ёў напісаў няшмат, але важка. У калектыўнай кніжцы “Прайсці праз зону” (2001 г.), выдадзенай у “Мастацкай літаратуры”, цыкл яго вершаў прасякнуты і болем, і надзеяй, і верай.

У 2005 г. выйшаў трэці зборнік вершаў і эсэ Паўла Вераб’ёва “Не трэба вас…”. Павел Вераб’ёў паспрабаваў па-свойму ў кнізе вершаў і эсе “Не трэба вас…” таксама распавесці нам пра жыццёвую мудрасць свайго радаводу. Так, у эсэ “Крысан” П. Вераб’ёў піша: “У дзеда ж была адна філасофская формула, якую ён вельмі часта паўтараў: “Ворага накармі, напаі і ў дарогу дай”.

Гэта своеасаблівая біяграфія і маральная аснова ягонага помнага роду, надта няпростага ў сваім памкненні да выжывання і жыцця між людзей. Эсэ дазваляюць зразумець Паўла Вераб’ёва – паэта, які жыццё вывучае праз свае ўласныя ўчынкі, праз учынкі продкаў.


Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:

“Крытычная маса” (Мінск, 1990)

“Цёмнае віно” (Мінск, 1995)

“Не трэба вас…” (Мінск, 2005)

Крыніцы інфармацыі:

Барадулін, Р. Ранішні і безабаронны : [творчасць П. Вераб’ёва] / Рыгор Барадулін // Крытычная маса : вершы / Павел Вераб’ёў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. — С. 5—6.

Баранава, М. Сустрэча з пісьменнікамі-землякамі / М. Баранава // Ленінскае слова. — 1990. — 18 снежня. — С. 3.

Вераб’ёў Павел : [біяграфічная даведка] // Літаратура і мастацтва. — 1992. — 10 студзеня. — С.4.

Вераб’ёў, Павел : [біяграфія і творчасць пісьменніка] // Беларускія пісьменнікі : бібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / пад рэд. А. В. Мальдзіса. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1995. — Т. 6. — С. 557.

Вераб’ёў Павел Іванавіч : [біяграфія і творчасць пісьменніка] // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэд. кал. Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск : БелЭн, 1997. — Т. 4 : Варанецкі-Гальфстрым. — С. 92.

Кудлаеў, Н. “Цёмнае віно” земляка… : [прэзентацыя кніжкі паэзі Паўла Вераб’ёва] / Н. Кудлаеў // Ленінскае слова. — 1996. — 10 студзеня. — С. 3.

Павел Вераб’ёў : [біяграфія] // Ленінскае слова. — 1990. — 18 снежня.

Ранішні і безабаронны : [творчасць П. Вераб’ёва] // Аратай, які пасвіць аблокі / Р. Барадулін. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1995. — С. 111—112.

Смольская, В. У. Творцы : [біяграфія і творчасць П. Вераб’ёва] / В. У. Смольская // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 1999. — С. 516.

Хаўтаровіч, В. “Спагада непрыкаянай душы…” : [творчасць П. Вераб’ёва] // Магілёўская праўда. — 1991. — 2 мая.

Кананкоў Анатоль Андрэевіч

А. Кананкоў.png

17.10.1935, в. Новая Слабада, Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць – 27.05.2006.
Паэт.


Творчасць

Анатоль Андрээвіч Кананкоў – паэт. Нарадзіўся ў в. Новая Слабада Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў будаўнічы тэхнікум, мараходнае вучылішча, працаваў на караблях дальняга плавання. Друкавацца пачаў у армейскай газеце “На баявым пасту”. Член клуба “Вянок Дрыбіншчыны”. Друкаваўся ў газетах “Магілёўскія ведамасці”, “Чырвоная змена”, “Зямля і людзі” Дрыбінскага, Слаўгарадскага, Горацкага раёнаў. Прымаў удзел у радыёперадачах “Спадчына”, “Вячэрнія зарніцы”, “Родная прырода”, тэлеперадачах “Тэлебарометр”, “Агромир”.

А. Кананкоў займаўся паэтычнай творчасцю. Пісаў вершы, нарысы, апавяданні. У сваіх вершах паэт імкнуўся праўдзіва адлюстроўваць перажытыя падзеі са свайго жыцця і жыцця краіны, распавядаў пра прыгажосць роднага краю, пра яго працавітых і мужных людзей. Шмат яго вершаў было пакладзена на музыку і ўвайшло ў рэпертуар самадзейных калектываў Магілёўшчыны.


Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:

“Гукі Айчыны” (Дрыбін, 1998)

“Мой край чаромхі і бяроз” (Магілёў, 2003)

“Мая шчодрая зямля” (2004)

“Сыны Радзімы” (2004)

“Святло нязгасных зорак” (Віцебск, 2006)

Крыніцы інфармацыі:

Гукі Айчыны // Літаратура і Мастацтва. – 1998. – 5 мая. – С. 3.

Скачков, К. Встреча за «круглым столом» / К. Скачкоў // Савецкая вёска. – 1998. – 7 сакавіка. – С. 1.

Кірэенка Кастусь (Канстанцін Ціханавіч)

Кастусь Кірэенка

12.12.1918, в. Гайшын, Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць. – 15.09.1988. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Празаік, паэт, публіцыст, перакладчык.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1943. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1970). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1972) за “Кнігу ста песень”, Літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1964) за кнігу “Смага”. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, двума ордэнамі “Знак Пашаны”, Ганаровымі граматамі Вярхоўных Саветаў БССР, ЛітССР і ЛатССР, медалямі.


Творчасць

Кастусь (Канстанцін Ціханавіч) Кірэенка нарадзіўся 12 снежня 1918 г. у в. Гайшын Слаўгарадскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1934 г. скончыў Гайшынскую сямігодку і паступіў у Гомельскі аўтадарожны тэхнікум, дзе правучыўся толькі адзін год. У 1940 г. скончыў літаратурны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута. Выкладаў мову і літаратуру ў Гарадзецкай СШ Быхаўскага раёна. Вясной таго ж года прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Да ліпеня 1941 г. – вежавы стралок у танкавым экіпажы, затым да сакавіка 1945 г. – карэспандэнт баявога аддзела армейскай газеты “За Родину”. Удзельнічаў у абароне Масквы, у вызваленні Беларусі, Польшчы. Быў цяжка паранены. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 г. загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва ў часопісе “Беларусь” (1945-1962 гг.), з 1962 г. галоўны рэдактар часопіса “Бярозка”, у 1972 – 1986 гг. часопіса “Полымя”. У 1980 – 1985 гг. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. У 1969 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Пісаць і друкавацца К. Кірэенка пачаў яшчэ ў 1939 годзе. Першы зборнік вершаў «Ранак ідзе» выйшаў у 1945 годзе. Лірычны герой зборніка — просты салдат, які пракладае штыком шлях да перамогі, да міру. У самыя цяжкія часіны паэт выражаў упэўненасць у тым, што вораг будзе разбіты, што прыйдзе светлы дзень Перамогі, адкрыюцца неабсяжныя далягляды для стваральнай працы. Мінула вайна-навальніца, але пакінула яна балючыя раны. Перад вачыма дэмабілізаванага салдата (зборнік «Пасля навальніцы», 1947) — знявечаная зямля, руіны. Смутак агортвае душу, але чалавек не схіляецца перад цяжкасцямі, а з той самай нязломнай сілай, з якою біў ворага, бярэцца за аднаўленне жыцця. Працэс вялікага пасляваеннага будаўніцтва, вынікі ўпартых намаганняў людзей, якія сваімі рукамі змяняюць аблічча рэспублікі, паказаны ў трэцяй кнізе «Мая рэспубліка» (1949). У наступных кнігах: «Маякі» і «Родны свет» (1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959) — ярка выявілася творчая індывідуальнасць паэта, акрэслілася накіраванасць яго паэзіі. Творам уласціва філасофская засяроджанасць, даверліва- лірычная споведзь, гуманістычная заклапочанасць усім, што адбываецца ў свеце. Новай ступенню ў творчасці К. Кірэенкі з’явіўся зборнік вершаў «Смага» (1962), за які пісьменніку была прысуджана Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы.

Яркім сведчаннем прызнання заслуг паэта ў развіцці сучаснай беларускай літаратуры з’яўляецца прысуджэнне яму Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы за зборнік вершаў «Кніга ста песень» (1971). К. Кірэенка вядомы і як празаік. У 1967 годзе ім напісаны зборнік апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі» і аповесць у навелах для дзяцей «Сум і радасць дзеда Рэпкі». Ён таксама аўтар зборнікаў для дзяцей «Зялёная рэха» (1953), «Вясна-красна» (1956), «Сад піянерскі» (1960), «Слаўся, юнацтва» (1961), «Урачыстая песня» (1965), «Прысяга» (1969) і інш.

На вершы К. Кірэенкі напісалі песні М. Аладаў, У. Алоўнікаў, У. Буднік, Ю. Семяняка, С. Палонскі і інш.

Перакладаў творы рускіх, украінскіх, малдоўскіх, латышскіх і іншых пісьменнікаў.

На доме ў Мінску, дзе ў 1977-88 гг. жыў паэт (вул. Пуліхава, 29) у 1991 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.


Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:

“Ранак ідзе” (Мінск, 1945)

“Пасля навальніцы” (Мінск, 1947)

“Мая рэспубліка” ( Мінск, 1949)

“Алёнчына школа” ( Мінск, 1951)

“Маякі” ( Мінск, 1952)

“Родны свет” ( Мінск, 1952)

“Зялёнае рэха” ( Мінск, 1953 г.)

“Любоў і дружба” ( Мінск, 1955)

“Вясна-красна” ( Мінск, 1956)

“Светлая хваля” ( Мінск, 1959)

“Антонавы грахі” ( Мінск, 1960)

“Сад піянерскі” ( Мінск, 1960)

“Слаўся, юнацтва” ( Мінск, 1961)

“Смага” ( Мінск, 1962)

“Жывыя ідуць наперад” ( Мінск, 1964)

“Урачыстая песня” ( Мінск, 1965)

“Цёплая радуга” ( Мінск, 1966)

“Ручаіны шукаюць ракі” ( Мінск, 1967)

“Сум і радасць дзеда Рэпкі” ( Мінск, 1967)

“Прысяга” ( Мінск, 1969)

Выбраныя творы: у 2 т. (Мінск, 1969)

“Амерыка здалёку і зблізку” (Мінск, 1971)

“Кніга ста песень” ( Мінск, 1971 )

“Алесева кніжка” ( Мінск, 1972)

“Слухайце ластавак” (Мінск, 1974)

“Трыпутнік” (Мінск, 1976)

“Сіні вырай” ( Мінск, 1976)

“Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма” (Мінск, 1977)

“Вёсны веснаваць” (Мінск, 1979)

“Заўсёды з Радзімай” (Мінск, 1980)

“Дэкрэтам сэрца” (Мінск, 1983)

“Калыска вятроў” ( Мінск, 1985)

“Надзея” (Мінск, 1985)

“Размова з капітанам” (Мінск, 1987)

Збор твораў : у 3 т. Т. 1. Вершы, паэмы, 1939-1962 гг. (Мінск, 1986)

Збор твораў : у 3 т. Т. 2. Вершы, паэмы, 1962-1981 гг. (Мінск, 1987)

Збор твораў : у 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні (Мінск, 1988)

“Ты ўсё знаеш, мая песня” (Мінск, 1995)


Крыніцы інфармацыі:

Адамовіч, Я. К. Гармонія абставін – гармонія душы : [пра творчасць Кастуся Кірэенкі] / Я. К. Адамовіч // Мінск : Беларуская навука, 1998. — С. 56—58.

Гніламёдаў, У. Упоравень з векам : [творчасць Кастуся Кірэенкі] / Уладзімір Гніламёдаў // Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. — С. 196—213.

Гурская, А. С. Адказнасць перад часам : [нарыс творчасці Кастуся Кірэенкі] / А. С. Гурская // Мінск : Навука і тэхніка, 1986. — С. 116.

Кірэенка, К. Заўсёды з Радзімай : [аўтабіяграфія] / Кастусь Кірэенка // Мінск : Мастацкая літаратура, 1980. — С. 6—25.

Кірэенка Кастусь // Беларускія пісьменнікі-лаўрэаты : рэкамендацыйны бібліяграфічны паказальнік / складальнік М. А. Каваленка. — 2-ое выд., перапрац. і дап. — Мінск, 1987. — С.132—136.

Кірэенка Кастусь : [біяграфія і творчасць] // Беларускія пісьменнікі : бібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / Ін-т імя Я.Купалы НАН Рэспублікі Беларусь ; пад рэд. А. В. Мальдзіса ; рэд. кал. : І. Э. Багдановіч і інш. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 1994. — Т. 3. Івашын-Кучар — С. 234—246.

Кірэенка Кастусь : [біяграфія і творчасць] // Пісьменнікі Магілёўшчыны : бібліяграфічны паказальнік / Магілёўская абласная аб’яднаная бібліятэка імя У. І. Леніна, Аддзел краязнаўчай літаратуры, Даведачна-бібліяграфічны аддзел. — Магілёў, 1993. — С. 114—119.

Кірэенка, К. Ц. Незабыўнае : [аўтабіяграфія] / К. Ц. Кірэенка // Пяцьдзесят чатыры дарогі : аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. — Мінск, 1963. — С. 269—286.

Кірэенка Кастусь Ціханавіч : [біяграфія і творчасць] // Беларусь : энцыклапедычны даведнік / рэд. калегія : Б. І. Сачанка і інш. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя , 1995. — С. 386.

Кірэенка Кастусь Ціханавіч : [біяграфія і творчасць] // Беларуская энцыклапедыя. : у 18 т. / гал. рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск, 1999. — Т. 8. Канто-Кулі. — С. 417.

Кірэенка Кастусь Ціханавіч : [біяграфія і творчасць] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : Белта, 1999. — С. 521.

Кірэенка Кастусь Ціханавіч : [біяграфія і творчасць] // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэд. кал.: І. П. Шамякін і інш. — Мінск : Беларуская савецкая энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1986. — Т. 3. Карчма-Найгрыш. — С. 121.

Марціновіч, А. А. Шляхам праўды : [пра творчасць Кастуся Кірэенкі] / А. А. Марціновіч // Мінск : Народная асвета, 1994. — С. 203—212.

Панчанка, П. На паэтычным небасхіле : [паэзія Кастуся Кірэенкі] / Пімен Панчанка // Мінск : Мастацкая літаратура, 1977. — С. 54—58.

Рагуля, А. Імгненні… : [творчасць Кастуся Кірэенкі] / А. Рагуля // Мінск : Народная асвета, 1994. — С. 74—75.

Кузьмянкоў Уладзімір Іванавіч

У. Кузьмянкоў


27.06.1936 в. Устаннае, Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць – 2002 г..
Празаік, публіцыст.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1974 г. Кандыдат гістарычных навук. Узнагароджаны медалём, Ганаровай граматай і Граматай Вярхоўнага Савета БССР. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (1999 г.)


Творчасць

Кузьмянкоў Уладзімір Іванавіч — беларускі празаік, публіцыст. Нарадзіўся ў в. Устаннае Слаўгарадскага раёна. У сям’і калгаснікаў. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў роднай вёсцы. Пасля заканчэння Рабавіцкай СШ у 1955 г. працаваў у калгасе. У верасні 1955 г. прызваны ў Савецкую Армію. Служыў у ваенна-паветраных войсках. Пасля звальнення ў запас працаваў рознарабочым на будаўніцтве Ніжнерасцянскай ГЭС, адказным сакратаром казлоўшчынскай раённай газеты “Сцяг перамогі”. У 1958 г. паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ, затым працаваў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела, адказным сакратаром у рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”. З 1971 г. адказны сакратар часопіса “Политинформатор и агитатор”, з 1974 г. загадчык аддзела , адказны сакратар рэдакцыі газеты “Звязда”, з 1980 г. рэдактар “Настаўніцкай газеты”, з 1987 г. намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Беларуская мова і літаратура ў школе”, са снежня 1987 г. старшы навуковы супрацоўнік Мінскай ВПШ, з 1991 г. галоўны рэдактар газеты “Медицинский вестник”. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1974 г., кандыдат гістарычных навук. Узнагароджаны медалём, Ганаровай граматай і Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Першы нарыс У. Кузьмянкова надрукаваны ў газеце “Звязда”. Як апавядальнік на старонках рэспубліканскага друку выступіў у 1966 г. (апавяданні “Бацька” і “Мікіта-чалавек”). У 1972 г. выйшла яго першая кніга апавяданняў “Ішла вясна”, дзе паказана пасляваеннае дзяцінства, станаўленне маладога чалавека. Працуючы доўгі час у маладзёжным друку, бываючы па заданнях рэдакцыі на будоўлях, у саўгасах і калгасах, выступаў са шматлікімі артыкуламі і нарысамі, прысвечанымі жыццю і працы нашай моладзі. У сваіх мастацкіх творах аддае перавагу надзённай тэматыцы, у натуральнай і даверлівай манеры апавядання пра шчырасць юнацкага пачуцця, пра светлае ў чалавечай душы. Яго кніга “Услаўляючы дружбу народаў” прысвечана праблемам міжнацыянальных адносін, эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва.


Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:

“Ішла вясна” (Мінск, 1972)


Крыніцы інфармацыі:

Кузьмянкоў Уладзімір : [біяграфія і творчасць] / Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 3 т. / пад рэд. А. В. Мальдзіса. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1994. — Т. 3 : Івашын-Кучар — С. 447—448.

Кузьмянкоў Уладзімір : [творчасць] // Маладосць. — 1970. — № 2. — С. 160.

Кузьмянкоў Уладзімір Іванавіч : [біяграфія і творчасць] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : Белта,1999. — С. 520—521.

Кузьмянкоў Уладзімір Іванавіч : [біяграфія і творчасць] // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкалегія : І. П. Шамякін і інш. — Мінск : БелСЭ, 1986. — Т. 3 : Карчма – Найгрыш . — С.152

Кудлаеў, К. Сейбіт культуры : [творчасць У. Кузьмянкова] / К. Кудлаеў // Магілёўская праўда. — 1986. — 16 жніўня.

Магдалёў Дзмітрый Пятровіч

Д. Магдалёў


02.02.1951, в. Жаролы, Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць).
Паэт.


Творчасць

Магдалёў Дзмітрый Пятровіч нарадзіўся 2 лютага 1951 года ў вёсцы Жаролы Слаўгарадскага раёна. Скончыў Жарольскую пачатковую школу, Кулікоўскую васьмігодку і Слаўгарадскую СШ №2. У 1968 годзе паступіў у Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, пасля першага курса вучобы – служба ў радах Савецкай Арміі. Пасля заканчэння тэхнікума працаваў на розных участках работы. Завочна скончыў Горацкую Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, гідрамеліярацыйны факультэт.

Зараджэнне яго паэтычнай творчасці адбылося яшчэ ў дзяцінстве. І гэта ў немалой ступені дзякуючы той прыроднай прыгажосці і тым шчырым, добразычлівым людзям, якія жылі побач з ім у родных Жаролах. Пачаў друкавацца Д. Магдалёў у 1980 годзе ў Краснапольскай раённай газеце “Чырвоны сцяг”. Вершы паэта з’явіліся і на старонках газет “Магілёўскія ведамасці”, “Могилёвская правда”, “Ленінскае слова” і інш.

Тэматыка яго вершаў вельмі разнастайная. Ён прысвячае свае вершы роднаму краю, дзе прайшло яго дзяцінства і маладосць, роднай прыродзе, тэме кахання да жанчыны, любові да жанчыны-маці, тэме сяброўства.

У сваіх вершах аб вайне паэт разважае аб каштоўнасці чалавечага жыцця, выступае супраць злых намераў парушыць мір на зямлі.

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС паэту прыйшлося пакінуць родныя мясціны і пераехаць на Кругляншчыну, якая стала яго другой Радзімай, з яе славутымі мясцінамі, ціхай рэчкай Друць. У 1996 годзе на свет з’явіўся зборнік вершаў круглянскіх паэтаў “Друцкія зарніцы”, адным з дванаццаці яе сааўтараў быў і Дзмітрый Магдалёў. Прайшло не так шмат часу, і выйшла ў свет асабістая кніга вершаў “Зямля мая – журба мая, маё каханне…”

У яго вершах гучаць і чарнобыльскія матывы. У сувязі з гэтым з’явіліся ў Дзмітрыя Магдалёва вершы “Чарнобыль – апошні ўрок”, “Чарнобыльскі след”, “Да 20-годдзя Чарнобыльскай бяды”. Дарэчы, А. Бараноўскім на верш “Зямлякам-чарнобыльцам” была напісана музыка, атрымалася песня, якую часта выконваюць самадзейныя артысты.

У 2009 годзе выйшаў зборнік “Я прочту, что на сердце написано”, у які ўвашлі як новыя вершы, так і вершы з папярэдніх зборнікаў “Зямля мая, журба мая, маё каханне” і “Осенний первый привет”.


Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:

“Зямля мая – журба мая, маё каханне” (Магілёў, 1997)

“Осенний первый привет” (Магілёў, 2007)

“Я прочту, что на сердце написано” (Волгадонск, 2009)


Крыніцы інфармацыі:

Дзмітрый Магдалёў : [аўтабіяграфія] // Зямля мая – журба мая, маё каханне… : вершы / Дзмітрый Магдалёў. — Магілёў : Магілёўская абласная друкарня, 1997. — С. 3—6.

Зямля мая – журба мая, маё каханне… : [біяграфія і творчасць Д. Магдалёва] // Ленінскае слова. — 1997. — 28 мая. — С. 3.

Об авторе : [автобиография] // Я прочту, что на сердце написано / Дмитрий Могдалёв. — Волгодонск, 2009. — С. 3—6.

Масарэнка Алесь (Аляксандр Герасімавіч)

А. Масарэнка


12.04.1938, в. Ходарава, Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць – жыве ў Мінску.
Паэт, перакладчык, празаік.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1972). Узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Творчасць

Алесь (Аляксандр Герасімавіч) Масарэнка – беларускі празаік, паэт, перакладчык. Нарадзіўся ў вёсцы Ходарава Слаўгарадскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1956 г. А. Масарэнка скончыў Целяшоўскую СШ, працаваў інструктарам Слаўгарадскага райкама камсамола (1956-1957), служыў у Савецкай Арміі (1957-1960). Пасля дэмабілізацыі паступіў на беларускае аддзяленне філфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое скончыў у 1966 г. Працаваў выхавацелем Мінскай школы-інтэрната №13 (1963-1966), рэдактарам аддзела беларускай літаратуры Камітэта па радыёвяшчанню і тэлебачанню СМ БССР (1966-1967), загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты “Чырвоная змена” (1967), інструктарам па прамысловаму адлову рачнога бабра Літоўскага заацэнтра (1967-1968), літсупрацоўнікам газеты “Літаратура і мастацтва” (1968-1969), загадчыкам рэдакцыі дзіцячай літаратуры выдавецтва “Беларусь” (1969-1972), адказным сакратаром часопіса “Полымя” (1972-1974), рабочым у геалагічнай экспедыцыі Забайкалля (1974-1977), рэдактарам аддзела прозы часопіса “Маладосць” (1977-1978), членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі “Беларусьфільм” (1978-1982), загадчыкам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса “Полымя” (1982-1986). З 1986 г. – рэдактар выдавецтва “Юнацтва”. З 1989 г. – літкансультант літаб’яднання “Крыніцы” пры “Чырвонай змене”. У 1992-1998 гг. – галоўны рэдактар часопіса маладых літаратараў Беларусі “Першацвет”.

Літаратурную дзейнасць пачынаў з вершаў, якія ўпершыню апублікаваў у 1959 г. Першае апавяданне надрукавана ў 1962 г. У цэнтры ўвагі пісьменніка – праблемы сучаснасці, экалагічныя (аповесці “На бабровых тонях”), маральна-этычныя пытанні (кніга прозы “Журавіны пад снегам”). Аўтар рамана “Баргузінскае лета”, прысвечанага будаўніцтву Байкала-Амурскай магістралі. Піша нарысы, апавяданні, прысвечаныя надзённым пытанням.

Пераклаў на беларускую мову аповесць бурацкага пісьменніка Б. Мунгонава “Чорны вецер”.


Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:

“На бабовых тонях” ( Мінск, 1971)

“Журавіны пад снегам” (Мінск, 1976)

“Баргузінскае лета” (Мінск, 1982)

“Сонца майго дня” (Мінск, 1988)

“Пакуль не завялі кветкі” (Мінск, 1994)

“Рэха гіпербалы” (Мінск, 2006)

“Святое возера, альбо Візіцёры Сёмага неба” (Мінск, 2011)

“Удзячны калодзеж” (Мінск, 2013)


Крыніцы інфармацыі:

Алесь (Аляксандр Герасімавіч) Масарэнка : [біяграфічныя звесткі] // Роднае слова. — 2008. — №4. — С. 3.

Алесь Масарэнка : [біяграфія і вершы пісьменніка] // Полымя. — 2012. — № 2. — С. 6.

Алесь Масарэнка : [біяграфія і творчасць] // Беларускія пісьменнікі (1917-1990) : даведнік / складальнік А. К. Гарадзіцкі ; навуковы рэдактар А. Л. Верабей. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — С. 370.

Клімкуць, Я. Акрылёны рамантыкай : [творчасць А. Масарэнкі] / Яраслаў Клімкуць // Магілёўскія ведамасці. — 1998. — 21 мая. — С. 6.

Куратава, Н. Пісьменнік і чалавек : [біяграфія і творчасць А. Масарэнкі] / Н. Куратава // Ленінскае слова. —1998. — 11 красавіка. — С. 2.

Марціновіч, А. Малады, бо… з маладымі : Алесю Масарэнку — 60 / Алесь Марціновіч // Літаратура і мастацтва. — 1998. — 10 красавіка. — С. 12.

Масарэнка Алесь : [біяграфічныя звесткі] // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал. : Пашкоў і. інш. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2000. — Т. 10 : Малайзія-Мугаджары — С. 166.

Масарэнка Алесь : [біяграфія і творчасць] // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / Ін-т імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь ; пад рэд. А. В. Мальдзіса ; рэд. кал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 1994. — Т.4 : Лазарук-Перкін. — С. 241—242.

Масарэнка Алесь : [біяграфія і творчасць] // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал. : І. П. Шамякін і інш. — Мінск, БелСЭ, 1986. — Т. 3 : Карчма-Найгрыш. — С. 456.

Масарэнка Алесь : [біяграфічныя звесткі] // Пісьменнікі Магілёўшчыны : бібліяграфічны паказальнік. — Магілёў, 1993. — С. 156.

Нікіфараў, К. Пра душэўнае хараство : [пра зборнік А. Масарэнка “Пакуль не завялі кветкі”] / К. Нікіфараў // Ленінскае слова. — 1995. — 11 красавіка. — С. 2.

Рубанаў, У. Водар прысожскага слова: [пра кніжкі А. Масарэнкі “На бабровых тонях”, “Журавіны пад снегам” і “Баргудзінскае лета”] / Уладзіслаў Рубанаў // Ленінскае слова. — 1988. — 14 красавіка. — С. 2.

Сакавік, Л. С. Масарэнка Алесь (Аляксандр Герасімавіч) : [біяграфія і творчасць] / Л. С. Сакавік // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 1999. — С. 521.

Шамякіна, Т. Вартае ўвагі і павагі : [біяграфія і творчасць А. Масарэнкі] / Таццяна Шамякіна // Полымя. — 2013. — №4. — С. 128—144.

Мацішаў Фёдар Вітальевіч

Мацішаў Фёдар Вітальевіч


17.01.1942, г. Слаўгарад, Магілёўская вобласць.
Паэт.

Творчасць

Фёдар Вітальевіч Мацішаў нарадзіўся ў г. Слаўгарадзе Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы, ў 1959 годзе, паступіў у Мінскі індустрыяльны тэхнікум на спецыяльны курс “Распрацоўка руды і рассыпных месцанараджэнняў”. Працаваў у Таджыкістане.

У 1976 годзе быў прыняты ў члены Саюза журналістаў СССР. Друкаваўся ў рэспубліканскіх, некаторых саюзных перыядычных выданнях. Працаваў у газетах “Автоведомости”, “Крымское время”, часопісе “Нива”.

Вершы Фёдара Мацішава даволі спрэчныя ў сваёй накіраванасці. У іх адчуваецца клопат аб прыродзе, жывёльным свеце, людзях, роздум пра жыццё. Прачытаўшы вершы паэта, адчуваецца самабытнасць і асобы почырк, почырк чалавека з вялікім жыццёвым вопытам. Асобна выдзяляюцца вершы рэлігіёзнага характару. Цікавая і разнастайная падборка эпіграм аўтара, прысвечаная Ф. Дастаеўскаму, В. Гіляроўскаму, Саламону і другім.

Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:

“Аромат диких груш” (2003)

“У рыбацкого костра. Могила для мента. Судьбы” (Таврия-Плюс, 2004)

“Моя исповедь или Тревожный звон колоколов” (Симферополь, 2011)

Ракаў Віктар Афанасьевіч

Ракаў Віктар Афанасьевіч


22.01.1935, в. Целяшы, Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць — 10.06.2000.
Беларускі паэт.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1979 г. Узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Творчасць

Ракаў Віктар Афанасьевіч нарадзіўся 22 студзеня 1935 г. у в. Целяшы Слаўгарадскага раёна ў сям’і калгаснікаў. Скончыў Целяшоўскую СШ (1953), фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага педінстытута (1958), Мінскую вышэйшую партыйную школу (1971). Настаўнічаў у Целяшоўскай (1958-1960), Рэчкаўскай (1960-1965) сярэдніх школах на Магілёўшчыне. Працаваў карэспандэнтам-арганізатарам Магілёўскага раённага радыёвяшчання (1965), загадчыкам сельскагаспадарчага аддзела шклоўскай раённай газеты “Ударны фронт” (1965-1969), літсупрацоўнікам газеты “Звязда” (1969-1975), рэдактарам аддзела публіцыстыкі часопіса “Полымя” (1975-1982). З 1982 г. адказны сакратар часопіса “Полымя”.

Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца ў студэнцкія гады. Першы верш надрукаваў у газеце “Могилёвская правда” (1956). Паэзія В. Ракава прысвечана вёсцы, бацькоўскай зямлі, сялянскай працы (зборнікі “Вернасць”, “Акно ў зялёны сад” ). Піша пра пераемнасць пакаленняў (“Пазыўныя”, “Песня і памяць”, “І сноп, і птах, і я”), пра гераізм нашых людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны, захапляецца прыгажосцю прыроды, кахання. Тэме любові да Радзімы, сыноўскай вернасці Магілёўшчыне, Прысожжу (“Жыць-палоць”). Пісаў таксама нарысы, крытычныя артыкулы, рэцэнзіі.


Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:

“Вернасць” (Мінск, 1968)

“Акно ў зялёны сад” (Мінск, 1972)

“Пазыўныя” (Мінск, 1975)

“Песня і памяць” (Мінск, 1979)

“І сноп, і птах, і я…” (Мінск,1983)

“Жыць-палоць” (Мінск, 1995)


Крыніцы інфармацыі:

Гардзей, В. Голасам роднай зямлі : [творчасць В. Ракава] // Літаратура і мастацтва. — 1985. — 18 студзеня. — С. 13.

Літаратары : [біяграфія і творчасць В. Ракава] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : Белта, 1999. — С. 522.

Ракаў Віктар Афанасьевіч : [біяграфія і творчасць] // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / гал. рэд. Г. П. Пашкоў. — Мінск, 2001. — Т. 13 : Праміле – Рэлаксін. — С. 279.

Ракаў Віктар Афанасьевіч : [біяграфія і творчасць] // Беларускія пісьменнікі : бібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / пад рэд. А. В. Мальдзіса. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1995. — Т. 5 : Пестрак – Сяўрук. — С. 132.

Ракаў Віктар Афанасьевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэд. кал.: І. П. Шамякін і інш. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя П. Броўкі, 1986. — Т. 4 : Накцюрн – Скамскі. — С. 481.

Рубанаў Уладзіслаў Якаўлевіч

Рубанаў Уладзіслаў Якаўлевіч


15.12.1952, в. Аляксандраўка-1, Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць – 21.07.1994 , пахаваны ў Мінску.
Празаік.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1982), лаўрэат літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя І. Мележа (1990).

Творчасць

Уладзіслаў Якаўлевіч Рубанаў – празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нарадзіўся ў в. Аляксандраўка-1 Слаўгарадскага раёна ў сям’і настаўніка. Скончыў Аляксандраўскую васьмігодку, Слаўгарадскую СШ (1970), факультэт журналістыкі БДУ (1970-1975). У друку з 1972 г. З 1975 г. працаваў карэспандэнтам, адказным сакратаром старадарожскай раённай газеты “Поступ Кастрычніка”,з 1978 г. у аддзеле прозы часопіса “Полымя”, з 1986 г. загадчык рэдакцыі прозы выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

Стала творчай працай У. Я. Рубанаў пачаў займацца з 1976 г. Першая кніга апавяданняў і аповесцей выйшла ў 1981 г. пад назвай “Вокны без фіранак”. Потым у 1984 г. “Пахі адталай зямлі”, у 1987 г. “Цёплы пух адуванчыкаў”, у 1989 г. “Таямніца птушынага гнязда” — за гэты твор Уладзімір Якаўлевіч атрымаў літаратурную прэмію Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа ў 1990 г. Кніга “Светлы ручай любві” выйшла ў 1990 г., раман “Не аднойчы забіты” у 1994 г. (Маладосць. 1994. — № 1-2).

У сваіх творах У. Я. Рубанаў даследваў жыццё вёскі і горада, духоўны свет сучасніка, імкнуўся паказаць лепшыя традыцыі сялянскага побыту, сцвярджаў высокастаноўчыя рысы характару вяскоўцаў старэйшага пакалення: працавітасць, гаспадарлівасць, любоў і прыхільнасць да зямлі, прыроды. Пісьменнік адчуваў небяспеку духоўнага Чарнобыля (“Замах”), стварыў паэтычны вобраз Мінска ў аповесці “Каштаны”. Творы празаіка перакладзены на рускую і ўкраінскую мовы.


Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:

“Вокны без фіранак” (Мінск, 1981)

“Пахі адталай зямлі” (Мінск, 1984)

“Цёплы пух адуванчыкаў” (Мінск, 1987)

“Таямніцы птушынага гнязда” (Мінск, 1989)

“Светлы ручай любві” (Мінск, 1990)

“Дзяўчына з начной кавярні” (Мінск, 1994)

“Неаднойчы забіты” (Мінск, 1994)

“Укус змяі” (Мінск, 2007)


Крыніцы інфармацыі:

Рубанов Владислав Яковлевич : [биографические сведения] // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редколлегия : Г. П. Пашков и др. — Минск : Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2008. — Т. 6. Пейзаж – Снегирёв. — С. 517.

Рубанаў Уладзіслаў Якаўлевіч : [біяграфічныя звесткі] // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкалегія : Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск : БелЭн, 2001. — Т. 13. Праміле – Рэлаксін. — С. 418.

Рубанаў Уладзіслаў Якаўлевіч : [біяграфічныя звесткі] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : Белта, 1999. — С. 523.

Рубанаў Уладзіслаў Якаўлевіч : [біяграфічныя звесткі] // Пісьменнікі Магілёўшчыны : бібліяграфічны паказальнік. — Магілёў, 1993. — С. 191—192.

Рубанаў Уладзіслаў Якаўлевіч : [біяграфічныя звесткі] // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Т. 4. Накцюрн – Скальскі / рэдкалегія : І. П. Шамякін і інш. — Мінск : БелСЭ, 1986. — С. 516.

Рэзнік Сямён Фёдаравіч

Рэзнік Сямён Фёдаравіч


17.01.1947, г. Слаўгарад, Магілёўская вобласць.
Паэт, празаік.

Творчасць

Рэзнік Сямён Фёдаравіч нарадзіўся і вырас у Слаўгарадзе. Цяпер жыве ў Мінску, але ні на хвіліну не забывае пра карані, пра малую радзіму. Усімі даступнымі сродкамі спрабуе падзяліцца гэтымі патрыятычнымі пачуццямі праз сваю творчасць, якая накіравана на тое, каб уславіць родны Слаўгарад, які раней называўся Прапойскам.

З-пад пяра аўтара выйшлі празаічныя творы, прадстаўленыя псіхалагічнымі раманамі і аповесцямі з элементамі дэтэктыва, вершы, п’есы, паэмы па Старым запавеце.

Першыя яго зборнікі выйшлі пад назвамі “Золотая ветвь” і “Горячий куст”. На сённяшні дзень можна пазнаёміцца з творамі першых двух тамоў з будучага пяцітомніка: “Андромеда, том І”, зборнік паэм і кароткіх вершаў, шматлікія з якіх напісаны на біблейскія матывы і “Андромеда, том ІІ” зборнік празаічных твораў.

“Прапойск” – менавіта так завецца кніга, якая выйшла ў расійскім выдавецтве “Ветразь” (г. Омск). “Каханне да краю, дзе я нарадзіўся і вырас, дзе прайшла мая юнацкасць назаўжды застанецца ў маім сэрцы” – адзначае Сямён Рэзнік. Кніга “Прапойск” – гэта шчымлівы боль па блізкіх людзях, якіх ужо няма ў жывых і сум па згубленых традыцыях, якія ніколі ўжо не адродзяцца… Героі рамана разам з аўтарам апускаюцца ў атмасферу нядаўняга мінулага Слаўгарада, выклікаючы ў чытача пачуццё павагі да яго жыхароў, сум па згубленых традыцыях.

У 2013 г. у рамках Міжнароднага музычнага фэсту “Залаты шлягер” і творчага праекту “Свой круг” у Магілёўскай абласной бібліятэцы імя Леніна адбылася прэзентацыя чарговай кнігі беларускага пісьменніка Сямёна Рэзніка “Берега”. У кнізе, прысвечанай памяці бацькоў пісьменніка, прадстаўлена лірыка, філасофскія чатырохрадкоўі, бліскучыя афарызмы. Аднак цэнтральнае месца ў складанцы займае раман у вершах пра старадаўні горад Прапойск.

]

Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:

“Золотая ветвь” (Мінск, 2008)

“Андромеда, т. I” (Мінск, 2009)

“Говорящий куст” (Омск, 2010)

“Пропойск” (Омск, 2010)

“Андромеда, т. II” (Мінск, 2011)

“Берега” (Мінск, 2011)


Крыніцы інфармацыі:

Булова, Е. Пропойск возвращается : [о новой книге Семена Резника] / Евгений Булова // Магілёўскія ведамасці. — 2001. — 17 лютага. — С. 8.

Орлов, Г. Из Минска в Славгород… : [о поэтическом сборнике поэта Семёна Резника] / Герман Орлов // Магілёўскія ведамасці. — 2014. — С. 5.

Проніна, В. Верш аб’яднаў сяброў : [творчы вечар земляка і паэта Сямёна Резніка] / Валянціна Проніна // Прысожскі край. — 2013. — 20 лютага. — С. 3

Стральцоў Міхась (Стральцоў Міхаіл Лявонавіч)

М.Стральцоў


14.02.1937, в. Сычын, Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць – 23.08.1987, г. Мінск, пахаваны на Паўночных могілках.
Празаік, паэт, эсэіст, перакладчык, крытык.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1962), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1988, пасмяротна, за кнігу вершаў “Мой свеце ясны”).

Творчасць

Міхась Стральцоў – беларускі празаік, паэт, эсэіст, крытык, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы.

Нарадзіўся ў в. Сычын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1954 г. закончыў Нова-Ельненскую сярэднюю школу (Краснапольскі раён) і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое скончыў у 1959 г. Пасля заканчэння навучання працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва” (1959–1961, 1969–1972 гг.), часопісах “Полымя” (1961–1962 гг.), “Маладосць” (1962–1968 гг.). У 1983 г. стаў загадчыкам аддзела крытыкі часопіса “Нёман”, дзе працаваў да заўчаснай смерці.

Пісаць Міхась Стральцоў пачаў яшчэ ў школьныя гады. Яго першыя вершы на рускай мове былі змешчаны ў вучнёўскім рукапісным часопісе “Прамень” (1952), а потым з’явіліся ў раённай газеце “Калгасны шлях” (1965). Першае апавяданне “Дома” надрукаваў у 1957 г. (часопіс «Маладосць», № 1). А ў 1962 г. выйшла першая кніга яго апавяданняў “Блакітны вецер”. Яна звярнула на сябе ўвагу чытачоў, крытыкі, грамадскасці здольнасцю аўтара пранікаць ва ўнутраны свет сваіх персанажаў, зацікаўленасцю маральна-этычнай праблематыкай. Аднак сапраўдную славу прынеслі пісьменніку зборнік апавяданняў “Сена на асфальце” (1966), аповесць “Адзін лапаць, адзін чунь” (1970), якія вызначаюцца веданнем жыцця, наватарскім падыходам да адлюстравання рэчаіснасці, арыгінальнасцю творчых пошукаў і знаходак. Аўтар удала спалучае бытавое, будзённае, зямное з узнёслым, рамантычным, у выніку чаго знаходзяць своеасаблівы сплаў проза і паэзія жыцця. Адначасова з празаічнымі творамі М. Стральцоў пісаў лірычныя вершы, поўныя роздуму і глыбокага пачуцця, нярэдка пабудаваныя на асацыятыўнай аснове (зборнікі “Ядлоўцавы куст”, “Цень ад вясла”). Вядомы як перакладчык на беларускую мову твораў рускіх, украінскіх, італьянскіх, іспанскіх, лацінаамерыканскіх паэтаў — А. Пушкіна, М. Браўна, Н. Гільена, П. Неруды, Я. Смелякова, рамана Ч. Айтматава “Заветны паўстанак”, прозы Л. Лявонава, Б. Пастэрнака і інш. Разам з В. Раеўскім напісаў сцэнарый тэлеспектакля “Па шчасце, па сонца” (паводле дарэвалюцыйных твораў Я. Купалы).

Усеагульным прызнаннем карыстаўся М. Стральцоў і як таленавіты крытык і літаратуразнавец. Яго праблемныя артыкулы па пытаннях літаратуры і мастацтва, што змяшчаліся ў перыядычным друку, эсэ, творчыя партрэты, якія ўвайшлі ў кнігі “Жыццё ў слове”, “У полі зроку”, адпавядаюць высокім ідэйна-эстэтычным крытэрыям сучаснасці.


Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:

“Блакітны вецер” (Мінск, 1962)

“Сена на асфальце” (Мінск, 1966)

“Загадка Багдановіча” (Мінск, 1968)

“Адзін лапаць, адзін чунь” (Мінск, 1970)

“Ядлоўцавы куст” (Мінск, 1973)

“На ўспамін аб радасці” (Мінск, 1974)

“У полі зроку” (Мінск, 1976)

“Цень ад вясла” (Мінск, 1979)

“Яшчэ і заўтра” (Мінск, 1983)

“Мой ясны свеце” (Мінск, 1986)

“Падарожжа за горад” (Мінск, 1986)

“Пячатка майстра” (Мінск, 1986)

“Выбранае: проза, паэзія, эсэ” (Мінск, 1987)

“Перад дарогай” (Мінск, 1994)

“Ад маладзіка да поўні” (Мінск, 2005)


Крыніцы інфармацыі:

Вераб’ёў, П. Лекара душа жывая : [творчасць М. Стральцова] / П. Вераб’ёў // Ленінскае слова. — 1986. — 25 лістапада. — С. 4.

Гоўзіч, І. Калі маўчыць душа, гібее розум наш… : вывучэнне твораў Міхася Стральцова ў старэйшых класах / Ірына Гоўдзіч // Роднае слова. — 2007. — №2. — С.36—44.

Запрудскі, І. “Міг нетутэйшае лагоды” : паэтычныя “сны-неспадзевы” Міхася Стральцова / Ігар Запрудскі // Маладосць. — 2012. — № 2. — С. 83—90.

Катляроў, І. Лірык лова : да 75-годдзя Міхася Стральцова / Ізяслаў Катляроў // Государственный контроль. — 2012. — № 1. — С. 95—96.

Кудлаеў, К. Шматграннасць таленту : да 60-годдзя Міхася Стральцова / К. Кудлаеў // Ленінскае слова. — 1997. — 12 лютага. — С. 3.

Міхась Стральцоў / Беларускія пісьменнікі (1917-1990) : даведнік / складальнік А. К. Гардзіцкі ; навуковы рэдактар А. Л. Верабей. — Мінск, 1994. — С. 515—516.

Михась Стрельцов : [биография и творчество] // Белорусская литература : рекомендательный библиографический справочник / Гос. б-ка СССР им. В. И. Ленина ; Гос. б-ка БССР им. В. И. Ленина ; авторы-составители: Н. Б. Ватаци, М. А. Коваленко, Р. Ф. Сипакова. — Москва : Книжная палата, 1988. — 256 с.

Мяснікоў, А. Загадка Міхася Стральцова : [біяграфія і творчасць] / А. Мяснікоў // Звязда. — 1997. — 14 лютага.

Орлова, Т. Грустные улыбки ХХ века : [воспоминания о М. Стрельцове] / Татьяна Орлова // Нёман. — 2013. — № 3. — С. 159 — 164.

Скапа, У. Рукою майстра адмысловага : [аб творчасці М. Стральцова] / У. Скапа // Літаратура і мастацтва. — 1997. — 14 лютага.

Станкевич, Р. “За вечностью слова!” : [творчество М. Стрельцова] / Роза Станкевич // Нёман. — 2012. — № 8. — С. 163—172.

Станкевіч, Р. Імгненне і вечнасць у вершах Міхася Стральцова / Роза Станкевіч // Роднае слова. — 2012. — № 9. — С. 14—16.

Стральцоў Міхась // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Беларусі ; Беларуская энцыклапедыя ; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны ; пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса ; рэдкалегія І. Э. Багдановіч і інш. — Мінск, 1995. — Т.5 : Пестрак-Сяўрук. — С. 426.

Стральцоў Міхась : [біяграфія] // Пісьменнікі Магілёўшчыны : бібліяграфічны паказальнік. — Магілёў, 1993. — С. 205—208.

Стральцоў Міхась : [біяграфія] // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкалегія : І. П. Шамякін і інш. — Мінск : БелСЭ, 1987. — Т. 5 : Скамарохі – Яшчур. — С. 132—133.

Стрельцов Михась : [биография] // Республика Беларусь : в 6 т. / редколлегия : Г. П. Пашков и др. — Минск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2008. Т. 7 : Снегирь –Ящерицин. — С. 133.

Стрельцова, Г. Сначала была любовь : [интервью с женой М. Стрельцова Галиной Сергеевной Стрельцовой] / Галина Стрельцова ; беседовала Наталья Казаполянская // Нёман. — 2013. — № 8. — С. 112—115.

Цмыг, А. Жыццё, адчутае прыкметай… : да 70-годдзя з дня нараджэння Міхася Стральцова / А. Цмыг // Прысожскі край. — 2007. — 17 лютага. — С. 3.

Шкірманкоў Фелікс Уладзіміравіч

Ф. Шкірманкоў


27.05.1926, г. Слаўгарад, Магілёўская вобласць – жыве ў г. Слаўгарадзе.
Паэт, празаік, публіцыст.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2007). Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, медалямі “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны” І ступені, “За Пабеду над Германіяй”.

Творчасць

Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў – паэт, празаік, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2007), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Нарадзіўся ў Слаўгарадзе ў сям’і служачага. Скончыў у Магадане курсы тэхнікаў-геолагаў (1952), горны факультэт Усесаюзнага завочнага інстытута горада Масквы (1972). З 1951 г. працаваў геолагам, начальнікам геолагаразведачнай партыі на Калыме, паўвостраве Чукотка, узбярэжжы Ахоцкага мора (Расія). У 1979 г. вярнуўся на радзіму. У 1989 г. абраны старшынёй грамадскай камісіі па праблемах Чарнобыльскай катастрофы. Працаваў загадчыкам аддзела ў раённай газеце “Ленінскае слова” (1989—1990). У 1991—1995 гг. старшыня Слаўгарадскага гарадскога Савета дэпутатаў.

Друкавацца Ф. У. Шкірманкоў пачаў з 1993 г. ў часопісах “Полымя” і “Нёман”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. У 1990 г. ў выдавецтве “Юнацтва” выйшла кніжка апавяданняў для дзяцей “Кто обидел медведя?” (на рускай мове). У сакавіку 1995 г. да 50-годдзя Вялікай Перамогі ў выдавецтве “Беларусь” выйшла дакументальная аповесць “Выпрабаванне” аб баявой дзейнасці партызанскай брыгады імя Л. М. Даватара ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У чэрвені 2004 года ў Магілёўскай абласной тыпаграфіі імя С. Собаля выйшла першая маленькая кніжачка вершаў для дзяцей малодшага школьнага ўзросту на беларускай мове “Незвычайны каляндар”. Далей былі кнігі прозы і паэзіі. Усяго выдадзена дваццаць кніг.

У сваіх творах Ф. У. Шкірманкоў не шукае нейкія надзвычай арыгінальныя, модныя зараз тэмы. У яго пільным паэтычным зроку заўсёды знаходзяцца самыя звычыйныя людзі – вяскоўцы, жыхары мястэчак, невялікіх беларускіх гарадоў. Суайчыннікаў ён паказвае ў сям’і, на працы, у краме і аптэцы, у вулічнай мітусні.

З вялікай замілаванасцю піша аўтар пра беларускіх жанчын – бабуль, маці, сясцёр, каханых, якія сваёй непаўторнай прыгажосцю, неймавернай цярплівасцю, трываласцю, выключнай сардэчнасцю, душэўнасцю трымаюць на плыву само айчыннае жыццё, цягнуць нітачку нашага роду ў Вечнасць.

У вершах Ф. У. Шкірманкова маецца грамадзянская, патрыятычная перакананасць, шчаслівы сплаў думкі і споведзі, спагадлівая душэўная цеплыня, вясёлыя інтанацыі, дабразычлівы гумар, а ў цэлым – ненавязлівы, надзвычай неабходны сёння нашаму грамадству гуманістычны і аптымістычны пафас.


Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:

“Кто обидел медведя?” (Мінск, 1990), “Выпрабаванне” (Мінск, 1995), “Незвычайны каляндар” (Магілёў, 2004), “Через годы, через расстояния…” (Магілёў, 2005), “Існасць” (Мінск, 2006), “У костра своей осени…” (Мінск, 2007), “Тропою мамонтов” (Мінск, 2007), “С нами надежда и вера” (Мінск, 2008), “Папараць-кветка” (Мінск, 2009), “Так вижу…” (Мінск, 2009), “Пераэкзаменоўка на восень” (Мінск, 2009), “Захоўваць вечна” (Мінск, 2010), “Между двух океанов” (Мінск, 2010), сумесна з Н. Н. Незнанавым “Дажынкі” (Мінск, 2011), “Ты рядом – значит я живу” (Мінск, 2011), “Понемногу о многом” (Мінск, 2012), “Пад прысягай сумленню” (Мінск, 2012), “Тет-а-тет” (Мінск, 2012), “Контрольный маршрут” (Мінск, 2013), “Нацянькі” (Мінск, 2013), “Без макіяжу: пра час і пра нас” (Мінск, 2015), “Нашчадкам” (Мінск, 2015),


Крыніцы інфармацыі:

Аксинина, А. Фронтовик, геолог, поэт : [биография Ф. В. Шкирманкова] / Анастасия Аксинина, Татьяна Скользаева // Магілёўскія ведамасці. — 2010. — 8 мая. — С. 9.

Байвер, Б. … И уроки жизни : [тёплые слова о творчестве Ф. В. Шкирманкова] / Б. Байвер // Прысожскі край. — 2013. — 6 снежня. — С. 4.

Выдатныя юбілеі і такія ж выдатныя юбіляры : метадычныя рэкамендацыі да юбілеяў пісьменнікаў-землякоў / Слаўгарадская бібліятэчная сетка, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел бібліятэчнага маркетынгу ; [складальнік Н. Ф. Куратава]. — Слаўгарад, 2001. — 20 с.

Гарадзецкая, Д. Цікавая сустрэча : [аб вечары-сустрэчы з Ф. У. Шкірманковым на базе Слаўгарадскага прафесійнага ліцэя № 3] / Д. Гарадзецкая // Прысожскі край. — 2006. — С. 2.

Езерская, В. І у горы, і у радасці – разам : [пра сям’ю пісьменніка-земляка Ф.У. Шкірманкова] / В. Езерская // Ленінскае слова. — 1999. — 29 верасня. — С. 2.

Езерская, В. “Нет, не стереть из памяти годам…” : [выход сборника Ф. В. Шкирманкова “Через годы, через расстояния…”] / В. Езерская // Ленінскае слова. — 2005. — 14 верасня. — С. 3.

Законнікаў, С. Шукальнік ісціны : [уступнае слова да кнігі Ф. У. Шкірманкова “Існасць”] / Сяргей Законнікаў // Існасць : вершы / Ф. У. Шкірманкоў. — Мінск : Чатыры чвэрці, 2006. — С. 3—6.

Колеснёва, И. Н. Земляк презентовал сборник : [презентация книги Ф. В. Шкирманкова “Ты рядом – значит я живу”] / И. Н. Колеснёва // Прысожскі край. — 2012. — 17 лютага. — С. 5.

Кудлаеў, К. Бацькаў дар : [аб лёсе У. І. Шкірманкова і яго сына Фелікса] // Зямля і людзі. —1993. — 15 студзеня. — С. 6.

Проніна, В. У творчым арсенале папаўненне : [выхад новай кнігі Ф. У. Шкірманкова “Понемногу о многом”] / В. Проніна // Прысожскі край. — 2012. — 3 лютага. — С. 9.

Уладзімірава, В. “Так вижу…” : [выхад зборніка вершаў Ф. У. Шкірманкова] / В. Уладзімірава // Прысожскі край. — 2009. — 5 снежня. — С. 3.

Шкірманкоў Фелікс Уладзіміравіч : [біяграфія] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : Белта, 1999. — С. 526.

Шкірманкоў Фелікс Уладзіміравіч : [біяграфія] // Пісьменнікі Магілёўшчыны : бібліяграфічны паказальнік. — Магілёў, 1993. — С. 239—240.

Шчаслівы лёс пісьменніка : [біяграфія Ф. У. Шкірманкова] // Ленінскае слова. — 1996. — 25 мая. — С. 2.

Юбілеі : [біяграфія і падборка вершаў да 75-годдзя Ф. У. Шкірманкова] // Ленінскае слова. — 2001. — 26 мая. — С. 2.

Я – за радыкальныя меры : [Ф. Шкірманкоў аб сабе] // Ленінскае слова. — 1990. — 25 студзеня. — С. 2.