Навукоўцы Слаўгарадскай зямлі

Аксёненка Рыгор Раманавіч

Аксёненка Рыгор Раманавіч

Балукоў Іван Цімафеевіч

Балукоў Іван Цімафеевіч

Варанцоў Даніла Сямёнавіч

Варанцоў Даніла Сямёнавіч

Гоеў Аляксандр Іванавіч

Гоеў Аляксандр Іванавіч

Емяльянаў Несцер Пятровіч

Емяльянаў Несцер Пятровіч

Зяцькоў Іван Паўлавіч

Зяцькоў Іван Паўлавіч

Ламачэнка Іван Мікалаевіч

Ламачэнка Іван Мікалаевіч

Ларчанка Міхась

Ларчанка Міхась

Лявончыкаў Васіль Емяльянавіч

Лявончыкаў Васіль Емяльянавіч

Марчанка Іван Ягоравіч

Марчанка Іван Ягоравіч

Прусаў Іван Аляксеевіч

Прусаў Іван Аляксеевіч

Сёмкін Аляксей Аляксандравіч

Сёмкін Аляксей Аляксандравіч

Цішчанка Іван Кірылавіч

Цішчанка Іван Кірылавіч

Цішчанка Іван Рыгоравіч

Цішчанка Іван Рыгоравіч

Яшкін Іван Якаўлевіч

Яшкін Іван Якаўлевіч


ГУК "Централизованная сеть публичных библиотек Славгородского района" © Copyright 2018.

Аксёненка Рыгор Раманавіч

(1930 – 11.01.1991 гг.)

Прафесар, доктар медыцынскіх навук

Аксёненка Рыгор Раманавіч

Нарадзіўся Рыгор Раманавіч Аксёненка ў 1930 годзе ў вёсцы Ганчароўка Слаўгарадскага раёна. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Васькавіцкай СШ у тры этапы: пайшоў у школу да вайны, вучыўся ў вайну і ў пасляваенны час. Скончыў школу з сярэбраным медалём. У 1950 годзе прайшоў па конкурсе ў Ленінградскую ваенна-медыцынскую акадэмію імя С. М. Кірава. У 1956 годзе, атрымаўшы дыплом з адзнакай і воінскае званне старшы лейтэнант, быў накіраваны на Паўночны флот. Тут ён сваю нялёгкую службу ваеннага медыка сумяшчае з далейшай вучобай і ў 1964 годзе абараняе кандыдацкую дысертацыю. Гэта адчыніла маладому вучонаму дзверы ў вялікую навуку. У 1965 годзе Рыгор Раманавіч прызначаецца выкладчыкам, потым старшым выкладчыкам кафедры эпідэміялогіі і гігіены ваенна-медыцынскага факультэта пры Томскім медінстытуце. У 1974 годзе абараніў доктарскую дысертацыю. У 1977 годзе Рыгор Раманавіч Аксёненка, на ліку якога ўжо былі значныя навуковыя адкрыцці, прызначаецца загадчыкам кафедры эпідэміялогіі і гігіены ваенна-медыцынскага факультэта пры Куйбышаўскім медінстытуце. Тут ён працаваў на працягу 8 гадоў.

Яго плённая праца адзначана ордэнам “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР” ІІІ ступені, медалямі, аўтарскім пасведчаннем “Вынаходца СССР”.

У 1984 годзе палкоўнік медыцынскай службы Р. Р. Аксёненка зволіўся ў запас, вярнуўся ў Беларусь і пачаў працаваць у Мінскім інстытуце ўдасканалення ўрачоў.

У яго былі вялікія планы. Але пачало падводзіць здароўе. Амаль увесь 1990 год ён правёў на бальнічным ложку. Выпісаўся толькі ў пачатку наступнага года. І адразу ж – з лекцыяй на кафедру. Спяшаўся ён нездарма. Праз некалькі дзён яго не стала. Памёр Рыгор Раманавіч Аксёненка 11 студзеня 1991 года.


Бібліяграфія:

Аксёненка Рыгор Раманавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 1999. — С. 509.

Балукоў Іван Цімафеевіч

(1922 – 1991 гг.)

Доктар эканамічных навук, прафесар

Балукоў Іван Цімафеевіч

Нарадзіўся Іван Цімафеевіч Балукоў у 1922 годзе ў вёсцы Бярозаўка Слаўгарадскага раёна. У 1937 годзе пасля заканчэння сямігодкі паступіў у Магілёўскае дашкольнае педвучылішча, потым – у ваеннае авіяцыйнае вучылішча. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце, штурман самалёта. У 1945 годзе ў паветраным баі страціў нагу. У гэтым жа годзе былы франтавік стаў студэнтам эканамічнага факультэта Харкаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыўшы ўніверсітэт, а потым аспірантуру, працаваў выкладчыкам палітэканоміі ў Харкаўскім палітэхнічным інстытуце, выкладчыкам, загадчыкам кафедры палітэканоміі Адэскага інстытута інжынераў воднага транспарту.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.

Памёр у 1991 годзе.


Бібліяграфія:

Балукоў Іван Цімафеевіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 1999. — С. 509—510.

Варанцоў Даніла Сямёнавіч

(24.12.1886 – 21.07.1965 гг.)

Электрафізіёлаг, акадэмік АН Украіны (1975 г.)

Варанцоў Даніла Сямёнавіч

Нарадзіўся Даніла Сямёнавіч Варанцоў 24 снежня 1886 года ў горадзе Слаўгарадзе. У 1912 годзе скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт, спецыялі-заваўся ў лабараторыі М. Я. Увядзенскага. У 1922 годзе арганізаваў кафедру фізіялогіі ў Смаленскім ўніверсітэце. З 1930 года — загадчык кафедры Казанскага ўніверсітэта, а ў 1935—1941 гадах Кіеўскага медінстытута. У 1945 годзе стварыў аддзел агульнай фізіялогіі ў Інстытуце фізіялогіі Кіеўскага ўніверсітэта і ў 1956 годзе лабараторыю электрафізіялогіі ў Інстытуце фізіялогіі АН УССР. Асноўныя працы вучонага – па электрафізіялагічным вывучэнні працэсаў узбуджэння і тармажэння ў нервовай тканцы. Адкрыў (1924 г.) і прааналізаваў следавую электраадмоўнасць, якая ўзнікае ў нерве пасля імпульсу. Вывучаў прыроду павольных электрычных ваганняў у цэнтральнай нервовай сістэме.

Варанцоў Даніла Сямёнавіч з’яўляецца аўтарам такіх прац, як: “Агульная электрафізіялогія” (1961 г.), “Фізічны электратон нерваў і мышцаў” (1966 г., у сааўтарстве).

Памёр 21 ліпеня 1965 года.


Бібліяграфія:

Варанцоў Даніла Сямёнавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдакцыйная калегія : Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Т. 4 : Варанецкі—Гальфстрым. — Мінск : БелЭн, 1997. – С. 6.

Варанцоў Даніла Сямёнавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 1999. — С. 510.

Гоеў Аляксандр Іванавіч

(28.03.1947 – 8.10.2014 гг.)

Доктар тэхнічных навук

Гоеў Аляксандр Іванавіч

Нарадзіўся Аляксандр Іванавіч Гоеў 28 сакавіка 1947 года ў горадзе Слаўгарадзе. Скончыў СШ № 1, у 1970 годзе - Магілёўскі машына-будаўнічы інстытут, у 1987 годзе - Акадэмію народнай гаспадаркі пры Савеце міністраў СССР.

З 1970 па 1976 гады Аляксандр Іванавіч прайшоў шлях ад інжынера-тэхнолага да начальніка тэхналагічнага бюро Загорскага оптыка-механічнага завода. З 1976 года быў пераведзены ў горад Смаргонь (Беларусь) на завод аптычнага станкабудавання, дзе работаў да 1985 года і прайшоў шлях ад намесніка галоўнага інжынера да дырэктара завода. З 1986 года — генеральны дырэктар Краснагорскага завода імя С. А. Зверава.

А. І. Гоеў быў кіраўніком сучаснага ўзроўню. У 2005 годзе ён увайшоў у спіс ста найбольш выдатных прадстаўнікоў расійскай прамысловасці.

Аляксандр Іванавіч Гоеў — пастаянны член Ваенна-прамысловай камісіі пры ўрадзе РФ, доктар тэхнічных навук, правадзейны член Акадэміі інжынерных навук РФ, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі ракетных і артылерыйскіх навук, ганаровы член Акадэміі касманаўтыкі РФ, заслужаны работнік прамысловасці ўзбраення РФ, заслужаны машынабудаўнік РФ, віцэ-прэзідэнт міжнароднай акадэміі “Кантэнант”, член вучонага савета акадэміі развіцця персаналу, лаўрэат Дзяржаўных прэмій Беларускай ССР і Расійскай Федэрацыі, лаўрэат прэміі ўрада РФ ў вобласці навукі і тэхнікі, Нацыянальнай прэміі імя Пятра Вялікага.

Узнагароджаны 0рдэнамі “Знака Пашаны”, “За заслугі перад Айчынай” ІV і III ступеней, ордэнам Прэпадобнага Сергія Раданежскага III ступені.

Памёр 8 лістапада 2014 года.

Бібліяграфія:

Гоеў Аляксандр Іванавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 1999. — С. 510.

Емяльянаў Несцер Пятровіч

(11.11.1898 – 29.09.1970 гг.)

Доктар хімічных навук, прафесар

Емяльянаў Несцер Пятровіч

Нарадзіўся Несцер Пятровіч Емяльянаў 11 лістапада 1898 года ў вёсцы Ляцягі Слаўгарадскага раёна ў сялянскай сям’і. Удзельнік грамадзянскай вайны. У 1932 годзе скончыў Гомельскі педагагічны інстытут і шмат гадоў займаўся педагагічнай дзейнасцю. У 1956—1970 гадах працаваў у Інстытуце фізіка-аграрнай хіміі АН БССР, з 1962 года загадваў лабараторыяй нафтахімічнага аналізу гэтага інстытута, вёў даследванні ў галіне нафтанавых вуглевадародаў. З’яўляецца аўтарам больш за 20 вынаходстваў.

Памёр 29 верасня 1970 года.


Бібліяграфія:

Емяльянаў Несцер Пятровіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдакцыйная калегія : Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Т. 6 : Дадаізм—Застава. — Мінск : БелЭн, 1998. – С. 390.

Емяльянаў Несцер Пятровіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 1999. — С. 510.

Зяцькоў Іван Паўлавіч

(26.08.1926 г. - ?)

Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт

Зяцькоў Іван Паўлавіч

Нарадзіўся Іван Паўлавіч Зяцькоў 26 жніўня 1926 года ў горадзе Слаўгарадзе. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, партызан. У 1957 годзе скончыў БДУ. У 1957—1960 гадах — аспірант, у 1960–1963 гадах — асістэнт, старшы выкладчык кафедры фізічнай оптыкі, з 1963 года — дацэнт. У верасні 1963 года – чэрвені 1979 года — дэкан фізічнага факультэта БДУ. У сакавіку 1979 года – студзені 1985 года – прарэктар БДУ па навуковай рабоце. У красавіку 1981 года – верасні 1993 года – загадчык кафедры фізічнай оптыкі БДУ, у 1993—1996 гадах — дацэнт гэтай кафедры. З верасня 1996 года — на пенсіі.

Іван Паўлавіч — заслужаны работнік вышэйшай школы Беларусі (1982 г.), выдатнік народнай адукацыі Беларусі (1978 г.).

Навуковыя даследванні ў галіне малекулярнай спектраскапіі і люмінесцэнцыі, інфрачырвонай спектраскапіі і спектраскапіі камбінацыйнага рассейвання арганічных пераксідных злучэнняў. Апублікаваў у навуковай перыёдыцы больш за 200 артыкулаў, атрымаў 30 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы. Падрыхтаваў 13 кандыдатаў фізіка-матэматычных навук.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі.


Бібліяграфія:

Зяцькоў Іван Паўлавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 1999. — С. 510—511.

Ламачэнка Іван Мікалаевіч

(07.01.1932 г. — ?)

Доктар медыцынскіх навук,прафесар

Ламачэнка Іван Мікалаевіч

Нарадзіўся Іван Мікалаевіч Ламачэнка 7 студзеня 1932 года ў вёсцы Церахоўка Слаўгарадскага раёна ў сялянскай сям’і. Скончыў у 1951 годзе Васькавіцкую СШ, у 1957 годзе – лячэбны факультэт Смаленскага медыцынскага інстытута. У 1957—1962 гадах працаваў урачом-хірургам, галоўным урачом, загадчыкам раённага аддзела аховы здароўя ў Пскоўскай вобласці. Потым вучыўся ў аспірантуры па хірургіі ў Смаленскім медінстытуце. З 1965 года па 1971 год — асістэнт і дацэнт кафедры шпітальнай хірургіі, з 1971 года — загадчык кафедры дзіцячай хірургіі з траўматалогіяй і артапедыяй таго ж інстытута. Яго намаганнямі створаны і паспяхова працуюць у Смаленску 4 абласныя спецыялізаваныя аддзяленні і дзіцячая хірургічная служба Смаленскай вобласці.

У 1978—1984 гадах І. М. Ламачэнка – прарэктар па навуковай працы Смаленскага медінстытута. Выканаў больш за 2 тыс. аперацый. З’яўляецца аўтарам звыш 200 навуковых прац, 16 рацыяналізатарскіх прапаноў, 5 метадычных рэкамендацый і 8 зборнікаў навуковых прац. Ім упершыню ў Расіі і дзяржавах СНГ вывучаліся і ўкараняліся для лячэння дзяцей з хірургічнымі захворваннямі плазменны скальпель, ультрагук і лазер.

Член Міжнароднага каардынацыйнага камітэта “Урачы – супраць насілля і вайны” (з 1993 г.). І. М. Ламачэнка выбіраўся дэпутатам Смаленскага гарадскога Савета народных дэпутатаў, Членам абкома прафсаюзаў медыцынскіх работнікаў.

Узнагароджаны бронзавым медалём Галоўнага камітэта ВДНГ СССР.

Бібліяграфія:

Ламачэнка Іван Мікалаевіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 1999. — С. 511.

Ларчанка Міхась(Міхаіл Рыгоравіч; псеўданімы Міхась Вісажар, М. Чабор, М. Святланін)

(14.11.1907 – 31.07.1981 гг.)

Беларускі літаратуразнавец, крытык, доктар філалагічных навук, прафесар

Ракаў Віктар Афанасьевіч

Нарадзіўся Міхась Ларчанка 14 лістапада 1907 года ў вёсцы Хварасцяны Слаўгарадскага раёна ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Азарыцкай пачатковай школе. Працягваць вучобу далей не мог з-за беднасці. Працаваў на гаспадарцы. У 1922 годзе стаў першым камсамольцам у сваёй вёсцы. У 17 гадоў паступіў у Княжыцкую школу сялянскай моладзі (Магілёўскі раён), дзе многа чытаў, спрабаваў пісаць вершы, загадваў школьнай бібліятэкай, удзельнічаў у самадзейнасці. Скончыўшы школу, паступіў у Магілёўскі педтэхнікум. У 1929 годзе з 2-га курса перайшоў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ. Свае вершы друкаваў у газетах “Чырвоная Беларусь”, “Піянер Беларусі”. У 1932 годзе датэрмінова закончыў крытычна-творчую секцыю літфака Беларускага вышэйшага педінстытута, арганізаванага на базе педфака БДУ. У 1932—1935 гадах вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры і мастацтва АН Беларусі. У 1936 годзе абараніў кандыдатскую дысертацыю “Лірыка Якуба Коласа”. Працаваў у гэтым жа інстытуце старшым навуковым супрацоўнікам (1935—1941 гг.), чытаў лекцыі ва ўніверсітэце.

З першых дзён вайны Міхась Ларчанка ваяваў на Бранскім фронце. У 1942 годзе быў цяжка паранены, у 1943 годзе — дэмабілізаваны, вярнуўся ва ўнівэрсітэт. Працаваў загадчыкам кафедры беларускай літаратуры (1943—1952, 1955—1971 гг.), дэканам філфака (1944—1952 гг., адначасова быў навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН Беларусі). Вучыўся ў дактарантуры Інстытута сусветнай літаратуры імя М. Горкага АН СССР (1952—1955 гг.). Чытаў лекцыі па беларускай літаратуры ў Варшаўскім (1958 г.) і Сафійскім (1960 г.) універсітэтах.

Міхась Ларчанка — член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1939 г.), доктар філалагічных навук (1956 г.), прафесар (1957 г.).

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1971 г.).

Як паэт дэбютаваў у 1930 годзе, як крытык у 1932 годзе. Апублікаваў каля 180 літаратуразнаўчых прац, артыкулаў, рэцэнзій. У манаграфіях “На шляхах да рэалізму” і “Па шляху рэалізму” даследваў праблемы станаўлення і развіцця рэалізму ў беларускай літаратуры 19 – пачатку 20 ст. У даследванні “Сувязі беларускай літаратуры з літаратурамі суседніх славянскіх народаў у другой палове 19 ст.”, зборніках артыкулаў “Славянская супольнасць”, “Яднанне братніх літаратур” аналізаваў гістарычныя карані ўзаемасувязей беларускай літаратуры са славянскімі літаратурамі. Займаўся пытаннямі старажытнай беларускай літаратуры і фальклору, традыцый і наватарства. Даследваў творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, П. Панчанкі і інш. Складальнік хрэстаматыі для сярэдняй школы “Родная літаратура”, адзін з аўтараў дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ “Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры”, “Старажытная беларуская літаратура”, “Беларуская народна-паэтычная творчасць”.

Памёр 31 ліпеня 1981 года.


Бібліяграфія:

Ларчанка Міхась (Міхаіл Рыгоравіч) // Беларусь : энцыклапедычны даведнік / рэдакцыйная калегія : Б. І. Сачанка [і інш]. – Мінск : БелЭн, 1995. — С. 418

Ларчанка Міхась (Міхаіл Рыгоравіч) // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдакцыйная калегія : Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Т. 9 : Кулібін—Малаіта. — Мінск : БелЭн, 1999. — С. 318.

Ларчанка Міхась (Міхаіл Рыгоравіч) // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 1999. — С. 511—512.

Ларчанка Міхась (Міхаіл Рыгоравіч) // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдакцыйная калегія : І. П. Шамякін [і інш.]. — Т. 3 : Карчма—Найгрыш. – Мінск : БелСэ, 1986. – С. 202.

Ларченко Михась (Михаил Григорьевич) // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редколлегия : Г. П. Пашков [и др.]. — Т. 4 : Картография—Миноговые. — Минск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. — С. 408.

Лявончыкаў Васіль Емяльянавіч

(27.05.1937 г.)

Доктар педагагічных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі пры ААН (г. Масква), член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі

Лявончыкаў Васіль Емяльянавіч

Нарадзіўся Васіль Емяльянавіч Лявончыкаў 27 мая 1937 года ў вёсцы Бярозаўка Слаўгарадскага раёна. З 1954 года па кастрычнік 1955 года працаваў інструктарам раённага аддзела культуры па культасветрабоце, а з кастрычніка 1955 года па 1958 год — дырэктарам районнага Дома культуры горада Чэрыкава Магілёўскай вобласці, пасля – дырэктарам раённага Дома культуры ў горадзе Слаўгарадзе. Некаторы час працаваў адборшчыкам літаратуры ў Аблкнігагандлі ў Мінску, загадчыкам бібліятэкі вайсковай часці. У 1962 годзе скончыў бібліятэчны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага.

Педагагічная дзейнасць Васіля Емяльянавіча Лявончыкава пачалася ў кастрычніку 1962 года ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага на бібліятэчным факультэце, дзе ён выкладаў шмат дысцыплін бібліяграфічнага цыклу. Працаваў спачатку ў якасці выкладчыка, з 1964 года – старшага выкладчыка і намесніка дэкана бібліятэчнага факультэта, а з 1971 года – дацэнта кафедры бібліяграфіі, дэкана бібліятэчнага факультэта. З адкрыццём у 1975 годзе Мінскага інстытута культуры быў прызначаны на пасаду дэкана бібліятэчнага факультэта, а з 1983 года абраны прафесарам кафедры бібліяграфіі і яе загадчыкам. Узначальваў кафедры бібліяграфіі, бібліяграфіі і дакументазнаўства, тэорыі і гісторыі інфармацыйна-дакументных камунікацый В. Е. Лявончыкаў больш за 26 гадоў. Агульны педагагічны стаж складае звыш 50 гадоў.

У навукова-педагагічнай дзейнасці праявіўся яго талент буйнога вучонага і арганізатара падрыхтоўкі кадраў. Васіль Емяльянавіч першым у Беларусі абараніў не толькі кандыдацкую дысертацыю ў галіне бібліяграфазнаўства, але і стаў першым і пакуль адзіным доктарам навук у гэтай галіне даследаванняў. Ступень кандыдата навук яму была прысуджана за абарону дысертацыі на тэму “Агульная рэтраспектыўная бібліяграфія кніг Беларусі: гісторыя і тэарэтычныя пытанні” (1969 г.), падрыхтаваную падчас навучання ў аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры пад кіраўніцтвам вядомага бібліяграфаведа прафесара А. Д. Эйхенгольца. У хуткім часе выйшла ў свет манаграфія “Беларуская рэтраспектыўная бібліяграфія кніг”. У 1988 годзе ў Маскве В. Е. Лявончыкаў абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Сістэма бібліяграфічнай інфармацыі саюзнай рэспублікі: тэарэтыка-метадалагічныя праблемы”. Вынікі гэтага даследавання знайшлі адлюстраванне ў манаграфіі “Сістэма бібліяграфічнай інфармацыі саюзнай рэспублікі”.

Сёння Васіль Емяльянавіч працягвае выкладаць на факультэце інфармацыйна-дакументных камунікацый агульнапрафесійныя і спецыяльныя вучэбныя дысцыпліны: “Тэорыя інфармацыі і камунікацыі”, “Асновы навукова-даследчай работы”, “Тэарэтыка-метадалагічныя праблемы бібліяграфазнаўства, бібліятэказнаўства і кнігазнаўства”. Магістрантам і аспірантам ён дапамагае авалодаць метадалогіяй навуковых даследаванняў.

Навуковыя інтарэсы В. Е. Лявончыкава вельмі шырокія і заўжды накіраваны на асэнсаванне трансфармацый бібліяграфіі і бібліятэчнай справы ў адпаведнасці з патрэбнасцямі грамадства. Гэта тэарэтыка-метадалагічныя праблемы бібліяграфазнаўства, бібліятэказнаўства і кнігазнаўства, гісторыя беларускай бібліяграфіі, бібліятэчная адукацыя, інфармацыйная культура, бібліятэчная камунікатывістыка, інфармацыйная свабода і інфармацыйная бяспека, бібліятэкі ў сістэме бесперапыннай адукацыі, інфармацыйныя адукацыйныя рэсурсы і інш. Адметныя рысы ўсіх яго прац – грунтоўнасць метадалагічнай і фактаграфічнай асновы, дакладнасць даследчых мэтаў, выкарыстання паняційнага апарату і сістэмы навуковай аргументацыі, тэарэтычная і практычная навізна і значнасць.

Напружаная навуковая і вучэбна-метадычная дзейнасць паспрыяла падрыхтоўцы вялікай колькасці навуковых і вучэбна-метадычных прац. Васіль Емяльянавіч з’яўляецца аўтарам 4 манаграфій, 2 вучэбных дапаможнікаў, шэрагу тыпавых праграм, артыкулаў па тэорыі, гісторыі, методыцы беларускай бібліяграфіі, праблемах бібліятэчных камунікацый, бібліяграфічнай дзейнасці ў сістэме бесперапыннай адукацыі; першага выдадзенага ў Беларусі “Руска-беларускага слоўніка бібліятэчных і бібліяграфічных тэрмінаў” (у суаўтарстве с Л. А. Дзямешка) і “Тлумачальнага слоўніка бібліятэчных і бібліяграфічных тэрмінаў” (у суаўтарстве з Л. А. Дзямешка і Р. І. Саматыем). Агульная колькасць апублікаваных работ складае каля 300.

Васіль Емяльянавіч надае вялікую ўвагу падрыхтоўцы навукова-педагагічных кадраў. Ён быў адным з арганізатараў стварэння аспірантуры ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце культуры і мастацтваў (БДУКМ), дзе абіраўся старшынёй і намеснікам спецыялізаваных саветаў па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Пад яго непасрэдным навуковым кіраўніцтвам былі абаронены шэсць кандыдацкіх дысертацый.

Прафесар В. Е. Лявончыкаў стваральнік навуковай педагагічнай школы ў галіне бібліяграфазнаўства, бібліятэказнаўства і кнігазнаўства, прадстаўнікі якой працуюць у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, БДУКМ, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Нацыянальнай кніжнай палаце, рэспубліканскіх галіновых, абласных, раённых, гарадскіх бібліятэках. За час існавання навуковай школы былі абаронены адна доктарская і 19 кандыдацкіх дысертацый. Сярод уладальнікаў вучонай ступені кандыдата педагагічных навук – пяць грамадзян замежных краін: Іарданіі, Ірака, Камеруна, Сірыі.

Побач з плённай навуковай і вучэбна-метадычнай працай ідзе грамадская работа Васіля Емяльянавіча. Ён член рэдкалегіі навуковага зборніка “Бібліятэчны веснік” (НББ), навуковага часопіса “Веснік БДУ культуры і мастацтваў”, часопіса “Бібліятэчны свет”. Яго імя ўключана ў слоўнік “2000 Outstanding Scientists of the 21st Century” (Cambridge, 2005 г.) Міжнароднага біяграфічнага цэнтра ў Кэмбрыджы і ў даведнік “Кто есть кто на академическом Олимпе” (г. Москва, 2004 г.) Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі пры ААН.

Вучоны ўнёс вялікі ўклад у стварэнне грамадскай арганізацыі бібліятэчных спецыялістаў – Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі, першым прэзідэнтам якой ён быў на працягу 1992–1993 гадоў, а зараз з’яўляецца яе ганаровым членам. За плённую дзейнасць В. Е. Лявончыкаў узнагароджаны ордэнам СССР “Знак Почета”, медалямі “За доблестный труд”, “В ознаменование 100-летия со дня рождения Владимира Ильича Ленина”, “Ветеран труда”, нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі.


Бібліяграфія:

Касап, В. Лявончыкаву Васілю Емяльянавічу – 75 : [біяграфія доктара педагагічных навук, прафесара В. Е. Лявончыкава] / Вера Касап, Валянціна Саітава // Бібліятэчны свет. — 2012. — № 3. — С. 33.

Леончиков Василий Емельянович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редколлегия : Г. П. Пашков [и др.]. — Т. 4 : Картография—Миноговые. — Минск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. — С. 444.

Лявончыкаў Васіль Емяльянавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 1999. — С. 512.

Саітава В. Педагог, вучоны, бібліяграфазнавец : [да 70-годдзя з дня нараджэння Васіля Емяльянавіча Лявончыкава] / В. Саітава // Бібліятэчны свет. — 2007. — № 2. — С. 31—32.

Марчанка Іван Ягоравіч

(02.06.1923 – 19.04.1997 гг.)

Член-карэспандэнт АН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар

Марчанка Іван Ягоравіч

Нарадзіўся Іван Ягоравіч Марчанка 2 чэрвеня 1923 года ў вёсцы Людкоў Слаўгарадскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1950 годзе скончыў Мінскі педінстытут. Іван Ягоравіч — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Радавым байцом, потым камандзірам аддзялення прайшоў дарогамі шасці франтоў, вызваляў Мінск і іншыя гарады Беларусі, Польшчу, ваяваў у Румыніі. Быў тройчы паранены. У 1945—1951 гадах — на партыйнай рабоце.

З 1952 года працаваў у Інстытуце гісторыі АН Беларусі: малодшым навуковым супрацоўнікам, вучоным сакратаром, намеснікам дырэктара па навуковай рабоце, загадчыкам сектара і аддзела, якія ўзначальваў больш за 30 гадоў. У апошнія гады Іван Ягоравіч працаваў галоўным навуковым супрацоўнікам інстытута. Унёс вялікі ўклад у развіццё беларускай гістарычнай навукі.

Надрукаваў звыш 150 прац, у тым ліку 10 манаграфій і брашур, асноўныя з якіх прысвечаны гісторыі рабочага класа, калгаснага сялянства і культурнага будаўніцтва [“Аграрныя пераўтварэнні ў Беларусі ў 1917—1918 гг.” 1959 г.; “Рабочы клас БССР у пасляваенныя гады (1945—1950 гг.)”, 1962 г.; “Працоўны подзвіг рабочага класа Беларускай ССР (1943—1950 гг.)”, 1977 г. “Беларусь – Літва: садружнасць памнажае сілы”, 1985 г., у сааўтарстве; “Беларуская ССР: курсам перабудовы”, 1989 г., у сааўтарстве]. Удзельнічаў у стварэнні буйных абагульняючых гістарычных прац – “Гісторыя Беларускай ССР” у 5 тамах (т. 3—5, 1973—1975 гг.), “Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР” (т. 1—4, 1984—1987 гг.), “Нарысы гісторыі Беларусі” (ч.2, 1995 г.), у складанні “Хрыстаматыі па гісторыі БССР” (1962 г.).

Памёр 19 красавіка 1997 г.


Бібліяграфія:

Марчанка Іван Ягоравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдакцыйная калегія : Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Т. 10 : Малайзія–Мугаджары. — Мінск, 2000. – С. 150.

Марчанка Іван Ягоравіч // Беларусь : энцыклапедычны даведнік / рэдакцыйная калегія : Б. І. Сачанка [і інш]. – Мінск, 1995. – С. 466.

Марчанка Іван Ягоравіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 1999. — С. 512—513.

Марченко Иван Егорович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редколлегия : Г. П. Пашков [и др.]. — Т. 4 : Картография—Миноговые. — Минск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. — С. 657.

Прусаў Іван Аляксеевіч

(11.06.1919—13.09.1994 гг.)

Доктар тэхнічных навук, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар

Прусаў Іван Аляксеевіч

Творчасць

Нарадзіўся Іван Аляксеевіч Прусаў 11 чэрвеня 1919 года ў вёсцы Бярозаўка Слаўгарадскага раёна. У 1938 годзе скончыў Слаўгарадскую СШ і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт БДУ.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ваяваў у радах Чырвонай Арміі. У жніўні 1942 года скончыў Тамбоўскае ваеннае кавалерыйскае вучылішча. Са снежня 1942 года і да заканчэння вайны служыў у кавалерыйскім палку. У 1950 годзе скончыў фізіка-матэматычны факультэт Львоўскага ўніверсітэта. З 1972 года па 1987 год — загадчык кафедры тэарэтычнай механікі, з 1987 года — прафесар кафедры тэарэтычнай механікі і робататэхнікі БДУ. Аўтар 4 манаграфій па праблемах тэрмапругкасці і тэорыі фільтрацыі вадкасці ў порыстых асяроддзях.

Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі.

Памёр у 1994 годзе.


Бібліяграфія:

Прусаў Іван Аляксеевіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 1999. — С. 513.

Прусов Иван Алексеевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редколлегия Г. П. Пашков [и др.]. — Т. 6 : Пейзаж—Снегирев. — Минск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008. — С. 314.

Сёмкін Аляксей Аляксандравіч

(23.02.1929 г. - ?)

Доктар біялагічных навук, прафесар.

Сёмкін Аляксей Аляксандравіч

Нарадзіўся Аляксей Аляксандравіч Сёмкін 23 лютага 1929 года ў вёсцы Крамянка Слаўгарадскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1950 годзе скончыў Слаўгарадскую СШ, у 1954 годзе —Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры. З 1957 года працаваў асістэнтам, дацэнтам кафедры фізіалогіі і біяхіміі гэтага інстытута. У 1959 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1962—1970-х гадах —прарэктар па вучэбнай і навуковай рабоце, у 1977—1985 гадах — рэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры. Сфарміраваў кірунак навуковых даследванняў па фізіялогіі спорту, скіраваны на фізіялагічнае абгрунтаванне фізічных нагрузак пры падрыхтоўцы спартсменаў, выяўленне механізмаў рэгулявання руху пры адаптацыі чалавека да напружанай спартыўнай дзейнасці. Аляксей Аляксандравіч — аўтар 145 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, 8 вучэбна-метадычных дапаможнікаў і распрацовак.

Узнагароджаны Граматай і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, ордэнам “Знак Пашаны”. Выбіраўся дэпутатам Мінскага гарадскога і раённага Саветаў.


Бібліяграфія:

Семкин Алексей Александрович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редколлегия : Г. П. Пашков [и др.]. — Т. 6 : Пейзаж—Снегирев. — Минск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008. — С. 631.

Сёмкін Аляксей Аляксандравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдакцыйная калегія : Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Т. 14 : Рэле—Слаявіна. — Мінск, 2002. – С. 360.

Сёмкін Аляксей Аляксандравіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 1999. — С. 514.

Цішчанка Іван Кірылавіч

(22.05.1930 г. — ?)

Беларускі фалькларыст, літаратуразнавец, кандыдат філалагічных навук, прафесар

Цішчанка Іван Кірылавіч

Нарадзіўся Іван Кірылавіч Цішчанка 22 мая 1930 года ў вёсцы Улукі Слаўгарадскага раёна. Да вайны скончыў тры класы Улуцкай пачатковай школы. У гады вайны за дапамогу партызанам быў схоплены карнікамі, цудам выратаваўся ад расстрэлу.

Пасля вайны вучыўся ў Слаўгарадскай СШ. У 1956 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ і выкладаў мову і літаратуру ў Мінскім тэхнікуме харчовай прамысловасці (1956—1957 гг.). З моманту заснавання Інстытута мастацтва, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (1957 г.) працаваў у ім малодшым, а з 1971 года старшым навуковым супрацоўнікам. З 1992 года – дацэнт, загадчык кафедры фальклору Беларускага ўніверсітэта культуры. У 1968 годзе паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю.

Штогод прымаў удзел у фальклорных экспедыцыях па збору вуснай народнай паэзіі, удзельнічаў у падрыхтоўцы першага навуковага выдання “Беларускі эпас”. Ім запісаны сотні твораў розных фальклорных жанраў.

Упершыню ў друку Іван Кірылавіч Цішчанка выступіў з фельетонам “Маўклівая размова” ў Слаўгарадскай раённай газеце “Ленінскае слова” ў 1951 годзе. Пад псеўданімамі І. Улукскі і Ц. Цагельны выступаў у раённым друку з крытычнымі допісаміі і фельетонамі. Першыя яго публікацыі па пытаннях фалькларыстыкі і гісторыі літаратуры ў рэспубліканскай перыёдыцы датуюцца 1956 годам. Даследуе праблемы гісторыі беларускай фалькларыстыкі, жанры фальклору, міфалогію. З 1965 года удзельнічаў у падрыхтоўцы шматтомнага акадэмічнага збору беларускага фальклору.

Іван Кірылавіч Цішчанка выдаў манаграфіі “Беларуская частушка. Пытанні генезісу жанру”, “Жыццё песні”, “Да народных вытокаў”. У серыі БНТ падрыхтаваў тамы “Жартоўныя песні” (адбор, сістэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул, каментарыі), “Песні пра каханне”, “Сямейна-бытавыя песні”, “Прыпеўкі”, “Сацыяльна-бытавыя песні” (разам з В. Скіданам). Адзін са складальнікаў зборнікаў “Беларускія частушкі”, “Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны”, “Паэзія змагання”, сааўтар манаграфіі “Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць”, “Беларуская фалькларыстыка”. Адзін з аўтараў падручнікаў, дапаможнікаў, хрэстаматый і праграм па фальклоры для студэнтаў ВНУ рэспублікі. Іван Цішчанка — аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў аб творчасці Л. Талстога, М. Горкага, А. Міцкевіча, А. Багдановіча, Т. Шаўчэнкі і інш., аб беларуска-руска-украінскіх сувязях, рэцэнзій на творы сучасных беларускіх пісьменнікаў. Займаўся даследваннем аўтарства ананімнай гутаркі “Во цяпер які люд стаў”. Яго пяру належыць апавяданне “Склезень” (Маладосць. 1988. №4). Напісаў сцэнарый дакументальных фільмаў “Бывайце здаровы” (1981 г., пра А. Русака), “Песня на ўсё жыццё” (1986 г., пра Р. Шырму, сааўтар А. Ліс), “Вяртанне Міхася Забэйды” (1990 г., сааўтар П. Марчук).

Выступаў з навуковымі дакладамі на розных міжнародных кангрэсах. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986 г., за ўдзел у падрыхтоўцы шматтомнага выдання “Беларуская народная творчасць”). Узнагароджаны Ганаровымі граматамі, медалём.


Бібліяграфія:

Тищенко Иван Кириллович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редколлегия : Г. П. Пашков [и др.]. — Т. 7 : Снегирь—Ящерицын. — Минск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008. — С. 227.

Цішчанка Іван Кірылавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдакцыйная калегія : Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Т. 17 : Хвінявічы–Шчытні. — Мінск, 2003. — С. 131.

Цішчанка Іван Кірылавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 1999. — С. 514—515.

Цішчанка Іван Рыгоравіч

(25.02.1912–9.07.1987 гг.)

Член-карэспандэнт АН Беларусі, доктар хімічных навук

Цішчанка Іван Рыгоравіч

Нарадзіўся 25 лютага 1912 года вёсцы Улукі Слаўгарадскага раёна, у сяланскай сям’і. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З 1938 года працаваў у БДУ. З 1953 года — дацэнт, з 1963 года — загадчык кафедры арганічнай хіміі, адначасова ў 1953–1965 гадах — дэкан хімічнага факультэта. Аўтар прац па арганічнаму сінтэзу і рэакцыйнай здольнасці арганічных рэчаваў. Распрацаваў метады сінтэзу паліфункцыянальных арганічных рэчаваў, выявіў шэраг заканамернасцяў рэакцыйнай здольнасці замешчаных ненасычаных злучэнняў у адносінах да малекулярнага кіслароду, перакісу вадароду і іншых акісляльнікаў. Сінтэзаваў ацыклічныя, карба- і гетэрацыклічныя злучэнні з некалькімі функцыянальнымі групамі, некаторыя з іх біялагічна актыўныя.

Памёр 9 ліпеня 1987 года.


Бібліяграфія:

Цішчанка Іван Ягоравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдакцыйная калегія : Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Т. 17 : Хвінявічы—Шчытні – Мінск, 2002. — С. 131.

Цішчанка Іван Рыгоравіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 1999. — С. 515.

Яшкін Іван Якаўлевіч

(12.02.1932 гг. - ?)

Беларускі мовазнавец, кандыдат філалагічных навук.

Цішчанка Іван Рыгоравіч

Нарадзіўся Іван Якаўлевіч Яшкін 12 лютага 1932 года ў вёсцы Шаламы Слаўгарадскага раёна. Скончыў Васькавіцкую СШ (1950 г.), Магілёўскі педінстытут (1954 г.). У 1957—1959 гадах працаваў у Полацкім педагагічным інстытуце. З 1959 года — у Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі, з 1977 года старшы навуковы супрацоўнік. Правадзейны член Геаграфічнага таварыства беларускага філіяла пры АН Беларусі (з 1964 г.). Даследваў беларускую дыялекталогію. Тэма кандыдацкай дысертацыі – “Слаўгарадскія гаворкі (узаемадзеянне рознадыялектных сістэм)”.

Іван Якаўлевіч Яшкін — аўтар прац “Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія” (1971 г.), “Узаемадзеянне рознадыялектных сістэм. Фанетыка” (1979 г.), “Узаемадзеянне рознадыялектных сістэм. Марфалогія. Сінтаксіс” (1980 г.). Адзін са складальнікаў “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” (т.1—2, 1977—1978 г.; т. 5, 1982 г.), “Тураўскага слоўніка” (т. 1—4, 1982—1985 г.). Прымаў удзел у зборы матэрыялаў для “Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы” (1963 г.), “Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа” (1964—1974 гг.), зборы матэрыялаў, укладанні і выданні лінгвагеаграфічных артыкулаў “Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак” у 5 тамах (1971—1985 гг. і да 1998 г.). Удзельнічаў у выданні “Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак” (“Раслінны і жывёльны свет”, т. 1 1993 г.; “Сельская гаспадарка”, т. 2, 1994 г.; “Чалавек”, т. 3, 1996 г.; “Побыт”, т. 4, 1997 г.; “Семантыка. Словаўтварэнне. Націск”, т. 5, 1998 г.), а таксама ў зборы матэрыялаў і распрацоўцы навуковых тэм “Лінгвістычны атлас Еўропы” (1985—1990 гг.), “Усходнеславянскія ізаглосы” (1986—1991 гг.), “Слоўнік гаворак паўднёва-заходняй Віцебшчыны” (1986—1998 гг.), “Вывучэнне беларускіх, літоўскіх, польскіх і рускіх гаворак на тэрыторыі балтыйскіх і славянскіх моў” (1988—1990 гг.).


Бібліяграфія:

Юрчанка Г. Родным словам зачараваны : [біяграфія вучонага-земляка Івана Якаўлевіча Яшкіна] // Ленінскае слова. — 2002. — 9 лютага.

Яшкін Іван Якаўлевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдакцыйная калегія : Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мінск, 2003. — Т. 18. Ч. 1. : Шчытнікі—ЯЯ. — С. 324.

Яшкін Іван Якаўлевіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 1999. — С. 515.

Яшкин Иван Яковлевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редколлегия : Г. П. Пашков [и др.]. — Т. 7 : Снегирь—Ящерицын. — Минск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008. — С. 739.