Главная / Гісторыя бібліятэкі

Гісторыя бібліятэкі

У Беларусі раней, чым у іншых рэспубліках, устанавілася савецкая ўлада. Але яшчэ ў 1918-1920 гадах большая частка рэспублікі знаходзілася пад уладай буржуазных нацыялістаў, нямецкіх і польскіх акупантаў. Таму савецкае бібліятэчнае будаўніцтва на Беларусі неаднаразова перапынялася і аднаўлялася ва ўмовах амаль поўнага разгрому бібліятэчнай сеткі. Беларускі камісарыят Наркамнаца накіраваў у рэспубліку кадры работнікаў для разгортвання культурна-асветніцкай і бібліятэчнай работы, а таксама літаратуру на нацыянальнай мове, газеты і часопісы.

Усе творы мастацтва і кніжныя калекцыі, якія знаходзіліся ў маентках, былі перададзены для ўліку і размеркавання паміж бібліятэкамі. Мінавіта тады, напрыканцы 1918 года, і была створана бібліятэка ў Прапойскай воласці. Аднак весткі пра гэта ў нас настолькі бедныя і адрывачныя, што стварыць поўную разгорнутую карціну гісторыі бібліятэкі немагчыма. Існуе версія, што асновай кніжнага фонду стала асабістая бібліятэка графа Мурамцава, і што некалькі пасылак літаратуры прысылала ў бібліятэку Н.К. Крупская. На жаль, гэтыя факты нідзе дакументальна не падцверджаны, як і тое, дзе размяшчалася бібліятэка, колькі было ў ёй кніг, чытачоў, хто працаваў. Не захавалася ў архівах даных аб дзейнасці бібліятэкі і за 1920-1940 гады. Усе было спалена фашыстамі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Памяшканне бібліятэкі было разбурана, амаль увесь даваенны кніжны фонд быў разграблены.

У 1946 годзе, пачалася работа па аднаўленню раённай бібліятэкі. Трэба сказаць, што каля тысячы кніг са штампам раённай бібліятэкі захавалася ў насельніцтва. Гэтыя кнігі склалі першапачатковы фонд раённай бібліятэкі. Яшчэ каля дзвюх тысяч кніг насельніцтва сабрала ў фонд бібліятэкі. Менавіта з такім фондам і пачала існаваць бібліятэка з 1946 года ў памяшканні прыватнага дома па завулку Карла Маркса. Мяркуючы па здымку, можна сабе ўявіць, наколькі былі прымітыўнымі ўмовы працы і абслугоўвання.

У 1947 годзе сюды прыйшла працаваць Ева Мацвееўна Луферава, добры знаўца і аматар кнігі, ініцыятыўны і адзыўлівы чалавек.

Напачатку 1948 года бібліятэку перавялі ў памяшканне былога РДК па вуліцы Камсамольскай. І хаця тут умовы былі намнога лепшымі, але ж усе роўна яны не адпавядалі бібліятэчным патрабаванням.

 

Бібліятэку ўзначаліла Марыя Андрэеўна Маісеева.

У 1949 годзе ў бібліятэцы чытала 700 чалавек, і кніжны фонд складаў 2765 экзэмпляраў кніг.

У 1950 годзе бібліятэка атрымала два пакоі ў прыватным доме жыхара Шкадава і 15 тысяч рублёў на капітальны рамонт. На гэтыя грошы быў куплены дом на вёсцы і перавезены ў Слаўгарад. Такім чынам, у 1951 годзе бібліятэка атрымала хоць і невялікае, але ўтульнае памяшканне, і кніжны фонд таго часу складаў ужо 5924 экзэмпляры пры колькасці 1200 чытачоў. У штаце ўжо было тры працуючых – загадчыца бібліятэкі, загадчыца перасоўнага фонду і бібліятэкар.

З ростам кніжнага фонду вастрэй паўставала неабходнасць у будаўніцтве бібліятэкі, якая б адказвала належным патрабаванням.

У 1952 годзе былое памяшканне РДК было перададзена для раённай і дзіцячай бібліятэк. Бібліятэка размясцілася ў трох пакоях: чытальная зала, абанемент, сховішча для кніг. Стала намнога прасторней, святлей, нават для чытачоў былі наладжаны некаторыя ўмовы.

З 1961 года загадчыцай чытальнай залы бібліятэкі стала  Барсукова Зінаіда Іванаўна. З таго часу яе працоўная дзейнасць непарыўна звязана з раённай бібліятэкай. У верасні 1963 года  яна ўзначаліла  бібліятэку. Гэта быў энергічны і працалюбівы кіраўнік, які душой хварэў за справу. Вялікі ўклад яна ўнесла ў будаўніцтва і стварэнне кніжнага фонду Ржаўскай сельскай бібліятэкі імя Я.І. Драйчука.

Кніжны фонд раённай бібліятэкі на пачатак 1958 года   склаў 16257 экзэмпляраў кніг, чытачоў – 1628 чалавек.

У 1960 годзе раённая бібліятэка абслугоўвала ўжо 2138 чытачоў. У раёне на той час мелася 58 бібліятэк-перасовак.

У 1963 годзе кніжны фонд складаў 24385 экзэмпляраў, а чытачоў ужо было 3304, штат работнікаў быў з чатырох чалавек.

У 1972 годзе раённая бібліятэка пераехала ў прыстасаванае памяшканне на ўскрайку горада.

У тыя часы ў раённай бібліятэцы працавалі:
Барсукова Зінаіда Іванаўна – загадчыца бібліятэкі;
Стральцова Валянціна Яўменаўна – загадчыца абанемента;
Навуменка Феўроння Пракопаўна – загадчыца перасоўным фондам;
Мартынава Лідзія Паўлаўна – бібліятэкар;
Чэшык Надзея Пятроўназагадчыца чытальнай залай.

Сямідзесятыя гады – гэта час станаўлення бібліятэчнай справы ў раёне. Цэнтралізацыя з’явілася своеасаблівым штуршком у аднаўленні работы бібліятэк. Калектыў працаваў тады добры, які ведаў сваю справу, таму з пераходам на цэнтралізацыю цяжкасцей не было. Работа была зроблена карпатлівая. Неабходна было раставіць усе кніжныя фонды раённай і сельскіх бібліятэк строга па алфавіту, напісаць каталогі на кніжныя фонды сельскіх бібліятэк і зверыць іх з уліковым каталогам. У 1978 годзе ў сувязі з цэнтралізацыяй бібліятэчнай сеткі Слаўгарадская раённая бібліятэка стала цэнтральнай раённай бібліятэкай у адносінах да дзіцячай бібліятэкі і сельскіх бібліятэк-філіялаў.

У цэнтральнай бібліятэцы было створана некалькі аддзелаў:

  • аддзел камплектавання і апрацоўкі літаратуры – загадчыца Марчанка Яўгенія Мікалаеўна;
  • аддзел абслугоўвання – загадчыца Сазонтава Нэлі Міхайлаўна;
  • метадычны аддзел – метадыст Стральцова Валянціна Яўменаўна;
  • аддзел арганізацыі і выкарыстання адзінага фонду – Хаткевіч Валянціна Герасімаўна;
  • даведачна-бібліяграфічны і інфармацыйны аддзел – Чэшык Надзея Пятроўна;
  • дзіцячы аддзел – загадчыца Бандаркова Валянціна Аляксандраўна

У 1979 годзе дырэктарам ЦБС была назначана малады спецыяліст, выпускніца Мінскага інстытута культуры Марыя Васільеўна Баранава. На чале бібліятэкі стаў граматны, ініцыятыўны чалавек, які сумеў аб’яднаць калектыў. Яна ўнесла пэўны ўклад у арганізацыю бібліятэчнай справы ў раёне, спрыяла і дапамагала ўкараненню сучасных форм работы, стала арганізатарам усіх цікавых пачынанняў у бібліятэцы, а для бібліятэкараў сельскіх бібліятэк – аўтарытэтным дарадчыкам і памочнікам.

 

На пачатку 80-х гадоў цэнтральная бібліятэка становіцца метадычным цэнтрам для ўсіх філіялаў сістэмы, метадычнае кіраўніцтва бібліятэкамі ажыццяўляюць усе функцыянальныя аддзелы бібліятэкі, пашыраецца інфармацыйная функцыя бібліятэкі. Наладжвацца сувязь з кіраўніцтвам РАПА, шмат увагі ўдзяляецца інфармаванню вядучых спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Для якаснага абслугоўвання работнікаў савецкага апарата заключаецца дагавор на інфармацыйнае абслугоўванне з урадавай бібліятэкай.

З 1983 года цэнтральная раённая бібліятэка размясцілася ў сучасным памяшканні раённага дома культуры.  Нашы чытачы атрымалі магчымасць карыстацца паслугамі  прасторнай чытальнай залы, абанемента, з’явілася сховішча для кніг. Гэта дало магчымасць не толькі эфектыўней абслугоўваць чытачоў, але і  наладжваць разнастайныя мерапрыемствы.

Памяшканне бібліятэкі аформлена ў нацыянальным каларыце.

 

Чытальную залу ўпрыгожвае пано «Францыск Скарына – першадрукар», на абанеменце – фотаэцюды, розныя экспазіцыі, галерэя рэпрадукцый карцін знакамітых мастакоў свету.

У 1998 годзе фонд цэнтральнай бібліятэкі складае 45571 экз. кніг. Яе наведвае больш за 3 тысячы чытачоў, сярод якіх людзі розных прафесій і ўзростаў.  У дзіцячым аддзеле — 23610 экз. літаратуры, 1800 чытачоў.

Бібліятэка  – гэта не толькі захавальніца кніг, гэта яшчэ і культурны, духоўны цэнтр, месца для развіцця асобы, яднання і наладжвання вольнай часіны.

У сваёй работе бібліятэка імкнецца знайсці цікавыя формы прапаганды кніг. Сярод іх гульні «Поле цудаў», «Зорная гадзіна», «Шчаслівы выпадак», «Каханне з першага погляду», літаратурныя і экалагічныя вандроўкі, бенефісы бібліятэкі і чытачоў, конкурсы, віктарыны і інш.

Асаблівую ўвагу бібліятэка надае вучобе кадраў. Яна робіцца дыферэнцыравана з улікам спецыяльнай адукацыі і прафесіянальнай падрыхтоўкі. Сістэматычна арганізуюцца практыкумы для пачынаючых працу, дні інфармацыі, заняткі ў базавых бібліятэках, тэхвучоба. Традыцыйным стаў конкурс, які бібліятэка праводзіць сярод сваіх супрацоўнікаў «Бібліятэкар года».

З 2003 года дзейнічае Публічны Цэнтр прававой інфармацыі, які прадастаўляе магчымасць бясплатна карыстацца электроннай копіяй эталоннага банка дадзеных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь «Эталон».

У лютым 2013 года бібліятэчная сетка  атрымала статут юрыдычнай асобы – Дзяржаўная ўстанова культуры «Цэнтралізаваная сетка публічных бібліятэк Слаўгарадская раёна». Узначальвае яе (з 2014 г.) Кунцэвіч Людміла Эдуардаўна – вопытны, энэргічны спецыяліст, які стварае новы стыль бібліятэкі.

У 2015 годзе бібліятэка абслугоўвала больш 2450 карыстальнікаў, дакументавыдача складала больш за 43000 экзэмпляраў, наведванняў – 19500. У фондзе бібліятэкі знаходзіцца каля 36000 адзінак дакументаў на традыцыйных і электронных носьбітах.

Акрамя асноўных паслуг, бібліятэка прадстаўляе карыстальнікам дадатковыя платныя паслугі. У адпаведнасці з Прэйскурантам цэн, спіс дадатковых платных паслуг  складаецца з 42-х найменняў.

Для больш камфортнага абслугоўвання жыхароў супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі абслугоўваюць 13 пунктаў выдачы літаратуры ў працоўных калектывах горада.

Пашыраецца камп’ютэрызацыя, укараняюцца новыя інфармацыйныя тэхналогіі. Многія бібліятэчныя працэсы вядуцца ў аўтаматызаваным рэжыме, створаны электронны каталог. Наведвальнікі бібліятэкі маюць магчымасць самастойнага доступу да рэсурсаў сеткі Інтэрнэт.

Акрамя інфармацыйнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэка ўдзяляе вялікую ўвагу арганізацыі вольнага часу насельніцтва.

Шмат гадоў дзейнічае жаночы клуб «Рамонак» (з 1997). У вольны час жанчыны з задавальненнем наведваюць пасяджэнне гэтага клуба, дзе маюць магчымасць абмеркаваць набалелыя пытанні сямейнага жыцця, падзяліцца вопытам выхавання дзяцей, атрымаць адказы на хвалюючыя іх пытанні. На сустрэчы прыходзяць урачы, псіхолагі, юрысты.

Для папулярызацыі літаратуры, знаёмства з творчасцю пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў на базе бібліятэкі прафесійнага ліцэя № 3 праводзяцца пасяджэнні літаратурна-музычнай гасцёўні «Арфей» (з 1995).

Краязнаўча-патрыятычны клуб «Радзімічы» (з 2009) аб’ядновае вучняў старэйшых класаў СШ № 2. Мэтай яго дзейнасці стала выхаванне патрыятычных і грамадскіх пачуццяў сродкамі краязнаўства.

Важным фактарам мэтанакіраванай падтрымкі чытання з’яўляецца праграмнае планаванне работы.  За апошнія гады бібліятэкай былі рэалізаваны наступныя праграмы: «Час чытаць кнігі роднай краіны» (папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры, 2012 г.),  «Дорогою добра» (духоўна-маральнае выхаванне, 2013 г.), «Пусть помнят живые, пусть знают потомки» (гісторыка-патрыятычнае выхаванне, 2014-2015 гг.).

Цэнтральная бібліятэка прымае ўдзел у рэспубліканскіх, абласных конкурсах прафесійнага майстэрства. У 2014 годзе бібліятэка адзначана заахвочвальным дыпломам  у рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак  нацыянальнай культуры» у намінацыі «За пошукавую і даследчую працу», у 2015 годзе – дыпломам ІІІ ступені ў абласным аглядзе-конкурсе «Живая память поколений» на лепшую пастаноўку работы бібліятэк па ваенна-патрыятычнаму выхаванню.

Аддзеламі бібліятэкі выдаюцца метадычныя парады, бібліяграфічныя спісы, рэкламныя матэрыялы, штоквартальны інфармацыйны бюлетэнь «Старонкі бібліятэчнага жыцця Слаўгарадчыны» і інш.

 

 

Наверх