Масарэнка Алесь
(Масарэнка Аляксандр Герасімавіч)
12.14.1938 – 23.09.2019
Алесь Масарэнка адносіцца да тых пісьменнікаў, хто ў аснову сваіх твораў кладзе сюжэт, напаўняючы яго роўнай, спакойнай, будзённай плынню, дзе ўсе персанажы – самыя звычайныя людзі, якіх кожны дзень бачыш побач з сабою. Паказаць ва ўсёй яго прыцягальнасці простага чалавека, выхапленага са звычайнага, прывычнага для нас асяроддзя – асаблівае майстэрства, талент, уласцівы не кожнаму.
Дзяцінства пісьменніка прайшло ў вёсцы Ходарава Слаўгарадскага раёна. У 1956 г. Алесь Масарэнка скончыў Целяшоўскую сярэднюю школу і пэўны час працаваў інструктарам Слаўгарадскага райкама камсамола, у 1956-1960 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі вучыўся на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На трэцім курсе перавёўся на вячэрнюю форму навучання і стаў выхавацелем Мінскай школы-інтэрната № 13.
Як і многія беларускія празаікі, Алесь Масарэнка пачынаў свой творчы шлях з вершаваных радкоў: яго першыя творы з’явіліся на старонках газеты «Магілёўская праўда» ў 1959 г. З цягам часу малады творца перайшоў да напісання празаічных твораў. Першае апавяданне «Недапісаны ліст» было надрукавана ў «Чырвонай змене» ў 1962 г. Штогод вершы, апавяданні і нататкі пісьменніка з’яўляліся на старонках рэспубліканскіх перыядычных выданняў.
Першая кніга Алеся Масарэнкі – аповесць «На бабровых тонях» (1971) мела шумны і заслужаны поспех. Падчас напісання твора пісьменнік пэўны час працаваў інструктарам па прамысловым адлове рачнога бабра Літоўскага заацэнтра. Аповесць складаецца з невялікіх аповедаў-эпізодаў: «Быль і небыль», «Каго сніў бацька», «Нечаканае пісьмо», «Старшыня-пяцімінутка», «Бабровыя “партаменты”», «Я шкадую змяю», «Людзі і нелюдзі» і інш. Аповесць запрашае чытачоў апынуцца бліжэй да прыроды, нацешыцца маляўнічымі беларускімі краявідамі.
Наступная кніга Алеся Масарэнкі – зборнік «Журавіны пад снегам» (1976) – не атрымала такога шырокага розгаласу, як папярэдняя, але для самога пісьменніка стала крокам наперад ў авалоданні прыёмамі псіхалагічнага аналізу. У кнігу ўвайшла аповесць «Сонца майго дня» і шэраг апавяданняў. Аповесць прысвечана вечнай загадкавасці кахання, хараству і глыбіні чалавечых узаемаадносін. Як у аповесці, так і ў апавяданнях няма канфліктаў паміж добрымі і дрэннымі героямі – сюжэты пісьменніка часта не выходзяць са сферы сямейных адносін (апавяданне «Журавіны пад снегам»). Галоўны герой апавядання Генадзь адмоўна ставіцца да сябра сваёй цешчы, які прыязджае з Ленінграда. Маладому чалавеку здаецца, што госць наведваецца на Беларусь толькі дзеля атрымання прыродных даброт нашай краіны – журавін і дзічыны. З цягам часу высвятляецца, што тут пахаваны баявыя сябры былога партызана. А сам Генадзь сустракаўся з «дзядзем Севам», калі быў хлапчуком. Агульны ўспамін пра вайну аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў, яны пачынаюць па-іншаму ставіцца адзін да аднаго.
На пачатку 1980-х гадоў быў надрукаваны раман Алеся Масарэнкі «Баргузінскае лета», прысвечаны рабоце брыгады геадэзістаў на будаўніцтве БАМа. Падчас збору матэрыялу для рамана пісьменнік працаваў рабочым-геадэзістам у Забайкаллі. Твор, напісаны на модную і сапраўды патрэбную тады тэму стваральнай працы, быў пазбаўлены рыс «савецкасці» ў плане рыторыкі: з вуснаў герояў не гучалі пафасныя, трыбунныя прамовы, не згадваліся кіруючая роля партыі і выгоды сацыялізму над капіталізмам. Безумоўна, раман не прэтэндаваў на рашэнне важнейшых сацыяльных праблем эпохі, але ў дастаткова лакальным сюжэце выяўляў тэндэнцыі і выклікі часу.
Новы зборнік Алеся Масарэнкі «Сонца майго дня», у які ўвайшлі тры аповесці і шэраг апавяданняў, выйшаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 1988 г. У цэнтры ўвагі пісьменніка – праблемы сучаснасці, экалагічныя, маральна-этычныя пытанні. Алесь Масарэнка – пісьменнік з вялікім жыццёвым вопытам, яго творы адметныя багаццем мовы, апавядальніцкім майстэрствам, глыбокім пранікненнем у псіхалогію персанажаў. У 1994 г. убачыла свет кніга «Пакуль не завялі кветкі». Пад адной вокладкай пісьменнік размясціў аповесць «Лесавікі», якая складаецца з дванаццаці частак, так званых «прыпавесцей», шэраг апавяданняў і невялікіх мініяцюр.
У 2006 г. у Маскве была выдадзена першая паэтычная кніга Алеся Масарэнкі «Рэха гіпербалы». Аўтар уключыў у зборнік разнастайныя па тэматыцы (пейзажная і любоўная лірыка, грамадска-патрыятычныя вершы) творы розных гадоў. Кніга пачынаецца вершам «Прызнанне», напісаным у 1964 г. У гэтым невялічкім творы растлумачаны лёс пісьменніка і яго сям’і: непісьменнай маці і бацькі-інваліда.
Наступная кніга Алеся Масарэнкі пад назвай «Святое возера» была выдадзена ў Маскве ў 2009 г., а потым была перапрацавана аўтарам і выйшла ў Мінску ў 2011 г. пад назвай «Святое возера, альбо Візіцёры Сёмага неба». Свой твор пісьменнік назваў вершаваным раманам-бурлескам з празаічнымі ўрыўкамі. Кніга стала своеасаблівым вынікам творчых пошукаў і эксперыментаў: тут з гумарам апісваюцца персанажы вядомых парадыйных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» – Зеўс, Юнона, Эней, Дыдона, ідзе аповед пра жыццё на Парнасе беларускіх і замежных класікаў – Шэкспіра, Яўгеніі Янішчыц, Міхася Стральцова, Анатоля Грачанікава, Уладзіміра Калесніка, Янкі Брыля, Алеся Адамовіча, Івана Шамякіна, Кузьмы Чорнага і інш.
У апошні час пісьменнік звярнуўся да напісання кароткіх твораў: аповедаў, дыялогаў, начыркаў, з дапамогай якіх ён амаль імгненна адгукаецца на тыя ці іншыя жыццёвыя факты. Гэтыя невялікія па аб’ёму творы ўвайшлі ў зборнік «Удзячны калодзеж», выдадзены ў Мінску ў 2013 г. (Прэмія Гедройца, 2014). Кніга апісвае жыццё землякоў Алеся Масарэнкі, яна насычана жывой, каларытнай мовай жыхароў Слаўгарадчыны. Родная мова і ёсць той калодзеж, які з’яўляецца крыніцай натхнення для аўтара, для якога шчырасць, прастата дачыненняў, замілаванне да ўсяго роднага і блізкага і ёсць самае галоўнае ў жыцці і творчасці.
Алесь Масарэнка заўсёды жыў цікава і змястоўна. Акрамя асабістай творчай працы ён з’яўляўся рэдактарам аддзела беларускай літаратуры Камітэта па радыёвяшчанні і тэлебачанні Савета Міністраў БССР (1966–1967), загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва газеты «Чырвоная змена» (1967), быў літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1968–1969), узначальваў рэдакцыю дзіцячай літаратуры выдавецтва «Беларусь» (1969–1972), з’яўляўся адказным сакратаром часопіса «Полымя» (1972–1974) і рэдактарам аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1977–1978). З 1978 г. Алесь Масарэнка – член сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм», у 1982–1985 гг. – загадчык аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя», з 1986 г. – рэдактар выдавецтва «Юнацтва». З 1989 г. пісьменнік працаваў літкансультантам у «Чырвонай змене», дзе пад яго кіраўніцтвам аднавіла сваю дзейнасць літаратурнае аб’яднанне «Крыніцы».
У 1992 г. Алесь Масарэнка заснаваў часопіс маладых літаратараў «Першацвет» і да 1998 г. быў яго першым рэдактарам; з 2000 г. кіраваў творчым аб’яднаннем «Літаратар»; з 2003 г. з’яўляўся ўкладальнікам і рэдактарам літаратурнага альманаха «Панядзелак» – выдання, дзе друкаваліся лепшыя творы сяброў гэтай літаратурнай суполкі – сучасных беларускіх пісьменнікаў. Вялікі педагагічны талент і добры мастацкі густ дазволілі Алесю Масарэнку стаць добрым дарадцам для маладых літаратараў, даць ім нямала карысных прафесійных урокаў, выправіць у самастойную пісьменніцкую дарогу. Больш за шэсць дзясяткаў сучасных беларускіх літаратараў – яго выхаванцы. Сёння нам добра вядомы творы Вольгі Базылёвай, Ганны Галавіной, Сяргея Барысаўца, Аляксандра Вашчанкі, Таццяны Мацюхінай, Валерыя Максімовіча, Юрыя Мельнікава і інш.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1972).
Узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Памёр Алесь Масарэнка 23 верасня 2019 года.
Вераб’ёў Павел Віктаравіч
07.11.1958 – 05.04.2023
Нарадзіўся 07.11.1958 г. у в. Рабавічы Слаўгарадскага раёна. Пасля заканчэння школы з 1976 г. да 1985 г. працаваў у Слаўгарадскай раённай газеце карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, намеснікам рэдактара. Адначасова ў 1977-1983 гг. завочна вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ. У 1985-1987 гг. – слухач Мінскай вышэйшай партыйнай школы. У 1987-1991 гг. – рэдактар аддзела часопіса «Народная гаспадарка Беларусі», загадчык сектара друку ЦК ЛКСМБ. Адказны сакратар газеты «Чырвоная змена», намеснік рэдактара газеты «Знамя юнасці», вядучы рэдактар выдавецтва «Юнацтва». 3 1991 г. галоўны рэдактар газеты «Знамя юнасці», з 1992 г. намеснік галоўнага рэдактара газеты «Добры вечар», з канца 1994 г. аглядальнік газеты «Мінская праўда».
Літаратурную працу пачаў у 1976 г. Першыя вершы надрукаваў у Слаўгарадскай раённай газеце. Публікаваўся ў абласной газеце «Магілёўская праўда», газетах «Чырвоная змена», «Сельская газета», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Маладосць». У 1990 г. у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў зборнік яго вершаў «Крытычная маса». У 1995 г. выйшаў другі зборнік вершаў «Цёмнае віно». У 2005 г. выйшаў зборнік вершаў і эсэ «Не трэба вас… ».
У калектыўнай кніжцы «Прайсці праз зону» (2001 г.), выдадзенай у «Мастацкай літаратуры», змешчаны цыкл яго вершаў.
Лаўрэат прэміі імя М. Багдановіча.
Памёр 5 красавіка 2023 г.
Кастусь Кірэенка
(Кірэенка Канстанцін Ціханавіч)
12.12.1918 – 15.09.1988
Вядомы беларускі паэт, празаік, публіцыст, перакладчык Канстанцін Ціханавіч Кірэенка нарадзіўся ў в. Гайшын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1934 г. скончыў сямігодку і паступіў у Гомельскі аўтадарожны тэхнікум (правучыўся там толькі адзін год). У 1935 г. К. Кірэенка стаў студэнтам літаратурнага факультэта Гомельскага педагагічнага інстытута. Скончыўшы вучобу ў 1940 г., ён некалькі месяцаў працаваў у Гарадзецкай сярэдняй школе Быхаўскага раёна. Потым пачаў службу ў Чырвонай Арміі. У час Вялікай Айчыннай вайны быў на фронце спачатку вежавым стралком танкавага экіпажа, затым карэспандэнтам армейскай газеты «За Родину» на Заходнім і 2-м Беларускім франтах. Удзельнічаў у абароне Масквы, вызваленні Беларусі, Польшчы. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 г. К. Кірэенка працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва часопіса «Беларусь», з 1962 г. ён галоўны рэдактар часопіса «Бярозка». У 1972–1986 гг. з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». У 1969 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1980–1984 гг. быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У 1943 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР.
Публікаваць вершы К. Кірэенка пачаў у час вучобы. Першы верш «Радзіма» з’явіўся ў 1939 г. у газеце «Гомельская праўда», у тым жа годзе яго паэтычныя творы былі змешчаны ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» і газеце «Літаратура і мастацтва». Творы ваеннага перыяду ўвайшлі ў першы зборнік паэта «Ранак ідзе» (1945). У яго таксама ўключаны асобныя даваенныя вершы. Услаўленне подзвігу абаронцаў роднага краю, гераізм салдата сталі вызначальнымі ў лірыцы К. Кірэенкі, у якой аб’ядналіся яркі публіцыстычны пачатак і векавыя традыцыі народнай песні. У пасляваенных зборніках выразна акрэсліліся грамадзянска-патрыятычнае гучанне, публіцыстычны пафас. Тонкі настрой і лірызм у паэзіі спалучаюцца з узнёслым пачуццём любві да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў (зборнікі «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі» і «Родны свет» (1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959)). Творы больш позняга перыяду вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філасофскіх разважанняў над праблемамі часу, тонкім псіхалагізмам, багаццем фальклорнай вобразнасці, прызнаннем прыярытэту звычайных чалавечых радасцей (кнігі «Смага» (1962, Літаратурная прэмія імя Я. Купалы 1964), «Жывыя ідуць наперад» (1964), «Цёплая радуга» (1966), «Кніга ста песень» (1971, Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы 1972), «Слухайце ластавак» (1974), «Сіні вырай» (1976), «Вёсны веснаваць» (1979), «Дэкрэтам сэрца» (1983), «Калыска вятроў» і «Надзея» (1985) і інш.). Спалучэнне фальклорных інтанацый і надзённасці рэальных праблем прынесла поспех творам К. Кірэенкі. Ім уласцівы пафас праўды, духоўная змястоўнасць і выразнасць грамадзянскай пазіцыі, тэматычная і жанрава-стылявая разнастайнасць. Асаблівай філасофскай напоўненасцю, выключнай сілай эмацыянальнага ўздзеяння вызначаецца арыгінальная, наватарская ліра-эпічная паэма «Трыпутнік» (1976), прысвечаная асэнсаванню духоўных праблем сучаснасці. У творах «Іспанка» (1966), «Помста» (1981), «Алёна» (1983) адлюстраваны падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Героіка-рамантычная паэма «Слёзы Раданы» (1967) узнаўляе адну з гераічных старонак нацыянальнай гісторыі: барацьбу супраць прышэльцаў-шведаў. У творы «Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма» (1988) аўтар расказвае пра прыгажосць любімых рэк і азёр.
У 1967 г. выйшаў зборнік апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі», прасякнуты лірычным хваляваннем, эмацыянальнай настроенасцю, узнёсласцю думкі. У многіх апавяданнях прыродны свет з’яўляецца неадлучным ад чалавека, дапамагае праявіцца чалавечаму характару. Шэраг апавяданняў і аповесцей, напісаных у розныя гады («Мне трэба купіць баян», «Гаспадар маладога лесу», «Маці» і інш.), вытрыманы ў традыцыях класічнай беларускай «вясковай» прозы. У 1969 і 1978 гг. выйшлі выбраныя творы ў 2 тамах, у 1986–1988 гг. збор твораў у 3 тамах. Кожная кніга паэта з прыхільнасцю сустракалася чытачамі, знаходзіла шырокі водгук у крытыцы. Літаратурныя ўспаміны, эсэ, дзённікавыя запісы, крытычныя выступленні, нататкі з падарожжаў, публіцыстыка змешчаны ў кнігах «Амерыка здалёку і зблізку» (1971) і «Заўсёды з Радзімай» (1980), якія з’яўляюцца каштоўным матэрыялам аб жыццёвай і літаратурнай біяграфіі паэта. Уражанні дзяцінства, сустрэчы і вобразы даваеннага юнацтва, падзеі вайны, краявіды роднай зямлі, падарожжа па замежжы – усё гэта адлюстравана ў іх.
Пісаў К. Кірэенка і для дзяцей (кнігі «Зялёнае рэха» (1953), «Вясна-красна» (1956), «Сад піянерскі» (1960), «Урачыстая песня» (1965), «Сум і радасць дзеда Рэпкі» (1967), «Прысяга» (1969), «Размова з капітанамі» (1987) і інш.). Творы вызначаюцца назіральнасцю і эмацыянальнай насычанасцю, а таксама гераічнымі і рамантычнымі характарамі, майстэрскім выкарыстаннем фальклору, уменнем аўтара пісаць аб усім проста і пранікнёна.
Кастусь Кірэенка пераклаў на беларускаю мову асобныя творы У. Маякоўскага, М. Ісакоўскага, Я. Смелякова, А. Пракоф’ева, Я. Райніса, М. Рыльскага, У. Сасюры, С. Алейніка, М. Бажана, П. Тычыны, М. Нагнібеды, Т. Масэнкі і інш. У яго перакладзе выйшлі асобнымі выданнямі зборнікі апавяданняў В. Біянкі «Хто чым спявае» (1954), Л. Падвойскага «З Леніным у аўтамабілі» (1971), аповесць Л. Смілянскага «Сашко» (1959), зборнік вершаў Я. Шпорты «Явар» (1976), раманы Ё. Дарваша «П’яны дождж» (1975), І. Друцэ «Цяжар нашай дабрыні» (1977), К. Шавялёвай «Аляксандраўскі сад» (1979) і інш. Многія вершы паэта пакладзены на музыку кампазітарамі М. Аладавым, У. Алоўнікавым, Ю. Семенякам, У. Буднікам.
У 1970 г. К. Кірэенку прысвоена званне «Заслужаны дзеяч культуры БССР». Ён узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі. На доме ў Мінску, дзе ў 1977–1988 гг. жыў пісьменнік, у 1991 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.