Главная / Без категории / Да 100-годдзя Кастуся Кірэенкі

Да 100-годдзя Кастуся Кірэенкі

15 снежня 2018 г. у Брылёўскай сельскай бібліятэцы Магілёўскага раёна прайшла гадзіна літаратурнага партрэта «Каб людзі добрыцца маглі…», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага паэта Кастуся Кірэенкі.

Бібліятэкар Юлія Яцкова зазірнула ў 12 снежня 1918 года, калі ў в.Гайшын Прапойскай воласці Быхаўскага павета Западнай камуны (зараз гэта Слаўгарадскі раён Магілёўскай вобласці) нарадзіўся будучы паэт. Усё сваё жыццё, якое ўвабрала і будаўніцтва новай сацыялістычнай Беларусі, і ваеннае ліхалецце, і пасляваенны ўздым, Кастусь Ціханавіч Кірэенка звязаў з беларускім  пісьменствам, пакінуўшы адметны след у айчыннай літаратуры. Прысуджэнне ганаровага звання «Заслужаны дзеяч культуры» і Дзяржаўнай прэміі імя Я.Купалы з’явіліся высокай адзнакай жыццёвай пазіцыі паэта-франтавіка.

На падрыхтаванай кніжнай выставе былі прадстаўлены кнігі і публікацыі юбіляра.

Чытачы бібліятэкі Аліна Кавалева, Андрэй Шыпіцын і Зміцер Марозаў прачыталі вершы Кастуся Кірэенкі.

Дырэктар Брылёўскага СДК Мікалай Яцкоў адзначыў, што са слаўгарадскай зямлі ў высокае неба беларускай літаратуры апроч Кастуся Кірэенкі ўзнесліся і такія вядомыя імёны, як Міхась Стральцоў, Уладзіслаў Рубанаў, Віктар Ракаў, Алесь Масарэнка, Фелікс Шкірманкоў. Уся іх творчасць напоўнена любоўю да роднай зямлі і слушнымі развагамі пра наша хуткаплыннае жыццё.

Далей М.Яцкоў прапанаваў патэлефанаваць паэту Казіміру Камейшу, які ў свой час працаваў разам з К.Кірэенкам у рэдакцыі часопіса «Полымя». І праз хвіліну пачуўся голас Казіміра Вікенцьевіча, які падзяліўся з прысутнымі сваімі ўспамінамі пра Кастуся Ціханавіча, адзначыўшы, што памяць пра гэтага чалавека будзе жыць доўга.

І напрыканцы сустрэчы была пастаўлена музычная кропка:  усе з задавальненнем паглядзелі відэакліп на песню кампазітара Уладзіміра Будніка і паэта Кастуся Кірэенкі «Пах чабаровы» у выкананні ансамбля «Чараўніцы».

Читайте также

Спички, дети — не игрушки!

В рамках единого дня безопасности, который проводится с 20 февраля по 1 марта 2021 года, …